Сяргея Верамеенку затрымала міліцыя



Гарадзенскага грамадскага актывіста Сяргея Верамеенку сёння, 9 студзеня, затрымала міліцыя. На яго склалі пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне – непадпарадкаванне патрабаванням судовага выканаўцы. Нагадаем, што ўвечары 22 снежня дахаты да Сяргея Верамеенкі наведаўся судовы выканаўца Панькоў, які імкнуўся апісаць маёмасць актывіста за нясплату штрафа. Сяргей Верамеенка даводзіў гэтаму выканаўцу, што ён працягвае аспрэчваць прысуджаныя яму штрафы ў судах вышэйшых інстанцый, аднак той працягваў настойваць на сваім і ўрэшце выклікаў міліцыю. Тады канфлікт, здаецца, удалося вырашыць, урэшце міліцыянты і судовы выканаўца з’ехалі.

На цяперашні момант адзін з штрафаў – за пікет Салідарнасці ў Гародні, які прайшоў 16 верасня мінулага году і за які суддзя Наталля Козел 20 кастрычніка прысудзіла штраф, Верамеенка ўжо сплаціў. Штраф жа за прысутнасць на Свіслацкім фэсце ён аспрэчвае касацыйнай скаргай у Гарадзенскім абласным судзе.

Сяргей Верамеенка паспеў паведаміць, што яго вязуць у суд Ленінскага раёну Гародні, дзе збіраюцца „разгледзець” сфабрыкаваную адміністрацыйную справу.

Пазней высветлілася, што разгляд адміністрацыйнай справы адбудзецца 10 студзеня а 16-й гадзіне ў Ленінскім судзе Гародні.

harodniaspring.org