Сяргею Чыгрыну – 60 гадоў!
24 верасня адзначае свой 60-гадовы юбілей Сяргей Чыгрын, беларускі краязнавец, літаратар, журналіст, тэатрал.
Сяргей Чыгрын нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Хадзявічы Слонімскага раёна. Скончыў Хадзявіцкую няпоўную сярэднюю школу (1974), тэатральнае аддзяленне Магілёўскай культасветвучэльні і філалагічны факультэт БДУ (1985 год). Працаваў загадчыкам аддзелу культуры і спадчыны «Газэты Слонімскай», працуе загадчыкам літаратурнай часткі Слонімскага беларускага драматычнага тэатру.
Сяргей Чыгрын і Валянцін Дубатоўка ў Зэльве. 2015 год. Дзень памяці Ларысы Геніюш.
Дэбютаваў вершам «Сьвеціць сонейка» у часопісе «Бярозка” (1975). Аўтар зборнікаў паэзіі «Шчырая Шчара» (1993), «Горад безь цябе» (1999), «Лірыка» (2007), «Камень Міндоўга» (2009), кнігаў гісторыка-краязнаўчых артыкулаў «Янка Купала і Слонімшчына» (1993), «Родам са Слонімшчыны» (2003), «Пакліканыя на родны парог» (2005), «Чамяры і чамяроўцы» (2006), «У пошуках слонімскіх скарбаў» (2007), «Беларуская Беласточчына» (2008), «Тэатар у Слоніме» (2008), «З беластоцкай зямлі» (2008), «Мастак Антон Карніцкі» (2009), «Жыў роднай песняй» (2010), „Альбярцін. Гісторыка-краязнаўчы нарыс” (2011), «Па слядах Купалы і Коласа» (2012), «Такі іх лёс» (2012), „Слонімскія падмуркі (2012), „Сярод сваіх людзей” (2012), „Краязнаўчымі сцежкамі Зэльвеншчыны” (2013), „Слонімскі буквар” (2013), „Легенды і паданні Слонімшчыны” (2013), „Іншых шляхоў не было” (2013), „Гісторыя Слоніма на старых фотаздымках і паштоўках (1900-1950) (2014), „Слонім і ваколіцы” (2014), „Шляхамі Беласточчыны” (2015), „Мора Віктара Шведа” (2015), „125 пытанняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны” (2015), „На радзіме Ігната Дварчаніна. З краязнаўчых вандровак па Дзятлаўшчыне”, „Гісторыя перыядычнага друку Слонімшчыны. 1916-2016” (у суаўтарстве з Сяргеем Яршом, 2016), „Каляндар Слонімшчыны” (у суаўтарстве з Уладзімірам Хільмановічам, 2018), ды іншых.
Агулам выдаў больш 50 кніг. Сяргей Чыгрын стварыў па-сутнасці сапраўдную гістарычна-краязнаўчую энцыклапедыю Слонімшчыны.
Рэдакцыя Беларускага Радыё Рацыя шчыра зычыць юбіляру моцнага здароўя, новых творчых дасягненняў і плёну ва ўсіх жыццёвых справах!
Беларускае Радыё Рацыя