Сяргею Гоўшу – 70 гадоў



Вядомаму ў Баранавічах праваабаронцу Сяргею Гоўшу споўнілася 70 гадоў. З іх ён больш 20-ці гадоў абараняе правы чалавека ў рэгіёне.

З-за гэтага ён у свой час вымушаны быў пакінуць пасаду вядучага інжынера-канструктара. Праўдалюб Гоўша ахвяраваў пасадай дзеля абароны пакрыўджаных людзей. Сяргей Гоўша, не шкадуючы свайго здароўя, пастаянна ваюе з недобрасумленнымі чыноўнікамі, змагаецца за родную мову, за праўду і дэмакратыю, кажа праваабаронца:

– Бачылі на свае вочы гэтую несправядлівасць, і таму пачалі людзей бараніць. Не вытрымлівала сэрца глядзець на тое, што тварылася і творыцца. Цяжка пры гэтай уладзе знайсці праўду.

Барацьба ў такіх цяжкіх абставінах за праўду не магла не адбіцца на здароўі. Сяргей Гоўша нядаўна перанес дзве аперацыі на сэрцы. І яны не апошнія. Яго чакаюць новыя выпрабаванні цяпер ужо ў барацьбе за сваё сэрца. Але нават на бальнічным ложку праваабаронца не стаіць у баку ад  праваабарончых спраў.

Беларускае Радыё Рацыя далучаецца да ўсіх віншаванняў, якія атрымаў сёння апантаны барацьбіт за правы чалавека, цудоўны муж, бацька і дзядуля Сяргей Гоўша.

Беларускае Радыё Рацыя