Сяргею Пятрухіну абмежавалі выезд за мяжу



Як распавёў cлужбе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” блогер Сяргей Пятрухін, рашэнне абмежаваць яму выезд за межы краіны прыняў следчы Берасцейскага міжраённага аддзела Следчага камітэта Андранік Хачатран, які вядзе яго справу.

У ліпені 2018 года ў дачыненні да берасцейскага блогера была заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 189 Крымінальнага кодэкса РБ (“абраза”). Падставай крымінальнага пераследу стаў пост Сяргея Пятрухіна ў сацыяльных сетках пра супрацоўніка міліцыі Мікалая Рабушку, які трымаў блогераў (Сяргея Пятрухіна і яго калегу Аляксандра Кабанава) у службовай машыне пры тэмпэратуры мінус 27 градусаў. У прыватнасці, у посце была   напісана, што “не кожны фашыст можа пахваліцца такім подзвігам”.

Пасля гэтага маёр міліцыі Мікалай Рабушка, чыё фота было змешчанае побач з гэтым допісам у сацыяльных сетках, і напісаў заяву, на падставе якой у дачыненні да Пятрухіна распачалі крымінальную справу. Сам блогер не лічыць свой выраз абразай.

Менавіта паводле гэтай справы 30 жніўня адбываўся ператрус  у кватэры Сяргея Пятрухіна, але, паводле блогера, з верасня ён нічога не вядае пра далейшыя дзеянні следства.  

Нагадаем, што 19 снежня мінулага года брэсцкага блогера знялі з аўтобуса на беларуска-літоўскай мяжы падчас памежнага кантролю. Тады ніякіх тлумачэнняў ад памежнікаў Сяргей Пятрухін не атрымаў, забарона на выезд аказалася для яго нечаканасцю. Блогер паведаміў, што напярэдадні паездкі звяртаўся ў аддзел прымусовага выканання Ленінскага раёна Брэста, каб даведацца пра прэтэнзіі і распачатыя ў дачыненні да яго справы.

“Тады супрацоўніца ўстановы паведаміла, што ўсё нармальна. Так, на той момант былі нясплачаныя штрафы, але тэрмін яшчэ не выйшаў і ніякіх падпісак аб нявыездзе я не даваў”, – кажа Сяргей Пятрухін.

Ён лічыць, што абмежаванне на выезд за мяжу з’яўляецца помстай з боку праваахоўных устаноў, за тое, што займаецца выкрыццём фактаў перавышэння паўнамоцтваў і іншых злоўжыванняў з боку прадстаўнікоў улады і сілавых структур.

baj.by