Сяргею Сацуку могуць неўзабаве выставіць абвінавачванне



Затрыманаму 25 сакавіка галоўнаму рэдактару інтэрнэт выдання „Ежедневник” Сяргею Сацуку ў бліжэйшы час павінна быць выстаўлена абвінавачванне. Ён падазраецца ў дачы хабару быццам за заказную публікацыю па справе медыкаў. Сюжэт аб гэтым быў паказаны яшчэ ў жніўні 2019 году. Але крымінальную справу завялі толькі зараз, адразу пасля публікацыі Сацука пра скажэнне ўладамі сапраўдных дадзеных па каронавірусе ў Беларусі.

Па словах намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага, усе праваабарончыя арганізацыі краіны з нагоды пераследу Сяргея Сацука выступілі з сумеснай заявай і заклікам вызваліць яго з пад варты:

– Ягоны арышт, ягонае затрыманне не адпаведныя, нават калі ён падазраецца ў нейкіх злачынствах. Браць пад варту чалавека, які знаходзіўся ў Беларусі і нідзе не хаваўся, ведаў пра той сюжэт, які быў паказаны па тэлебачанні, не збіраўся нікуды з’язджаць, тым больш, што межы з усіх бакоў зачынены. Гэта абсалютна неадпаведна. 

Лічым неабходным неадкладна вызваліць Сяргея Сацука з – пад варты і прыняць усе меры па забеспячэнні яго працэсуальных правоў, — гаворыцца ў заяве, прынятай 12 беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, у тым ліку Беларускай асацыяцыяй журналістаў, праваабарончым цэнтрам „Вясна”, Беларускім Хельсінскім камітэтам і іншымі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск