Сяржук Мацкойць: Па вачах АМАПаўцаў было відаць, што яны напалоханыя



Падчас вечаровых суботніх акцыяў пратэсту на плошчы Незалежнасці ў Менску адбыўся невялікі інцыдэнт з праваахоўнікамі, якія не пажадалі прадставіцца.

Распавядае адзін з відавочцаў – Сяржук Мацкойць:

– Адбыўся даволі прыкры выпадак. Калі мы прыйшлі на плошчу, то ўбачылі, што помнік Леніну аточаны турнікетамі. Людзі проста знялі гэты турнікет, паставілі ўбок, акуратненька, без прэтэнзіяў. Вываліўся спачатку іх камандзір у чыне старэйшага лейтэнанта, а потым яшчэ штук 10 гэтых АМАПаўцаў. Узнавілі свой турнікет і хуценька сышлі. Па вачах было відаць, што яны вельмі напалоханыя, што баяцца гэтай колькасці людзей, баяцца адказнасці за тое, што яны робяць. Аднак, усё адно робяць.

Вечаровая суботняя акцыя пратэсту на плошчы Незалежнасці ў Менску прайшла спакойна. Людзі з дзецьмі, з нацыянальнай сімволікай мелі на яе вольны доступ. Метро і наземны транспарт працавалі ў звычайным рэжыме.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск