Сяржук Русецкі: Адмову атрымалі са значным спазненнем
Бярозаўскім праваабаронцам мясцовы райвыканкам не даў дазволу на правядзенне пікету 10 снежня з 12-й да 13-й гадзіны. Прычына адмовы пікету – спартыўныя мерапрыемствы з удзелам гледачоў на Цэнтральным стадыёне, дзе замаўлялася мерапрыемства. Хаця ў заяўнікаў пікету гэтая прычына выклікае сумнеў, кажа праваабаронца Сяржук Русецкі:
– Калі мы падавалі заяўку, планавалася, што ў будні дзень падчас абеду наўрад ці будуць якія спартовыя мерапрыемствы, тым больш што ўжо пачалася зіма. Хаця можна ставіць пад сумніў наогул наколькі спартовыя мерапрыемствы адпавядаюць вызначэнню масавых мерапрыемстваў і наколькі пікет па нейкіх грамадска-палітычных пытаннях супярэчыць правядзенню спартовых мерапрыемстваў. Магчыма будзем абскарджваць гэтае рашэнне выканкама.
Заяўнікі пікету абавязкова правераць, што будзе ў наяўнасці праходзіць у працоўны дзень з 12-й да 13-й гадзіны на стадыёне, калі ў школах ідуць заняткі.
Адмову, у парушэнне закону, атрымалі са значным спазненнем.
Пікет быў прымеркаваны да ўгодкаў прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН.
Беларускае Радыё Рацыя