Сяржук Русецкі: Будзем тармасіць мясцовыя бярозаўскія ўлады



Бярозаўскія праваабаронцы пачалі рыхтавацца да пікетаў на 9-га сакавіка і 25-га сакавіка загадзя. Яны падалі заявы на заключэнне дамоў па абслугоўванні пікетаў з бальніцай, жыллёва-камунальнай гаспадаркай і міліцыяй. Хоць, паводле рашэння Савету міністраў № 207, дамаўляцца з міліцыяй павінен сам раённы выканаўчы камітэт, – кажа адзін з заяўнікаў пікету Сяржук Русецкі:

– Старое рашэнне Бярозаўскага райвыканкаму так і не адмененае, і згодна з ім суды прызнаюць, калі выканкам адаўляе нам правядзенне пікета ў сувязі з тым, што ў нас няма дамоў з міліцыяй, – права на баку райвыканкама. Паколькі дагэтуль змены ў рашэнні выканкаму пра правядзенне масавых мерапрыемстваў не зацверджаныя, а таксама не прайшлі праверку ў галоўнай управе юстыцыі Берасцейскага аблвыканкаму, то такім чынам будзем спрабаваць тармасіць мясцовыя бярозаўскія раённыя ўлады.

Бярозаўскія ўлады мяняюць сваё рашэнне згодна пастановы Савету міністраў яшчэ з верасня мінулага году. І ніяк гэтую працу не могуць завершыць. Мэта планаваных пікетаў – адзначэнне чарговых угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. А таксама пратэст супраць размяшчэння ў Беларусі расейскіх вайсковых базаў і „за” вызваленне палітычных зняволеных.

Беларускае Радыё Рацыя