Як прайшла рэгістрацыя ініцыятыўных груп у Бярозе?



Зарэгістраваны 2 ініцыятыўныя групы па выбарах у Берасцейскі абласны савет па Бярозаўскай акрузе №24. 13 груп зарэгістраваны ў Бярозаўскі раённы савет дэпутатаў.

Цікава, што ў раённы савет шляхам збору подпісаў сабраліся ісці чыноўнікі такога рангу, як намеснік старшыні райвыканкама Яўген Тарасюк і рэдактар мясцовай раённай газеты Генадзь Курыловіч.

Ад дэмакратычнага блоку ў раённы савет зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Таццяна Тарасевіч і цяперашні незалежны дэпутат Першамайскага сельвыканкама Валер Білібуха.

Паседжанні акруговай і раённай камісій па рэгістрацыі ініцыятыўных груп занялі хвілінаў 15, кажа сябра грамадскага аб’яднання „Праваабаронцы за свабодныя выбары” Сяржук Русецкі:

– Акруговыя камісіі зарэгістравалі дзве ініцыятыўныя групы. Сябра АГП Аляксандра Кабанава, які ўвесну быў адным з ініцыятараў пратэсту супраць дэкрэту №3. А другая ініцыятыўная група – цяперашняга дэпутата абласнога савета, начальніка Бярозаўскага раённага аддзялення па надзвычайных сітуацыях Пятроўскага. Раённая выбарчая камісія зарэгістравала 13 ініцыятыўных групаў.

Паводле Сержука Русецкага, для Аляксандра Кабанава ўлады ўжо паклапаціліся пра канкурэнта на выбарах у абласны савет і ў раённы таксама. Гэта начальнік мясцовага ведамства па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Пятроўскі.

Беларускае Радыё Рацыя