Сяржук Русецкі: Існуе недавер да тэставання і афіцыйнай статыстыкі



Колькасць інфікаваных у Беларусі імкліва расце, смяротнасць таксама не стаіць на месцы, цяжка спрагназаваць, што будзе далей, асабліва пры недасканалай сістэме тэставання і недаверу да афіцыйнай статыстыкі, кажа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі:

– Для таго, каб здаць тэст, трэба некуды ехаць. Потым, здаўшы гэтыя аналізы, ты будзеш чакаць пакуль нейкая спецыялізаваная лабараторыя пэўны час будзе рабіць гэтыя тэсты. Куча праблемаў і тэсты робяцца доўга, як правіла не робяцца ў раённых цэнтрах, а ў абласных цэнтрах, або нейкіх спецыялізаваных лабараторыях. Па-другое, самі тэсты, вы ж бачылі прыклады расейскіх тэстаў, недавер да саміх лічбаў, наколькі яны адлюстроўваюць лічбы якімі ўлада валодае і каторыя для нас агучвае.  

Застаецца спадзявацца, як кажа Русецкі, што зменшаць колькасць захварэўшых ад каронавіруса прышчэпкі ад туберкулёза, якія калісьці праводзіліся ў краіне. А пакуль на 27 красавіка ў Беларусі па афіцыйных дадзеных, 11289 захварэўшых на каронавірус, памерлі 75 пацыентаў. Паводле дадзеных блогераў і ананімных паведамленняў медработнікаў, лічбы значна заніжаны.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце