Сяржук Русецкі: Стварэнне выбарчай камісіі прайшло з парушэннямі



Суддзя суда  Бярозаўскага раёна Наталля Вакульчык не задаволіла скаргу  10 жыхароў Бярозы, якія накіравалі прадстаўніка ад дэмакратычнай супольнасці ў склад Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі.

Яны прасілі адмяніць рашэнне райвыканкама і прэзідыўма райсавета па стварэнні раённай выбарчай камісіі.  І стварыць камісіію згодна Пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі №36, якая патрабуе абмеркаванне кожнай асобы і персанальнае галасаванне, калі колькасць прэтэндэнтаў у склад камісіі большая, чым вызначана. Чаго зроблена не было. Але ні прадстаўнік пракуратуры, старэйшы памочнік пракурора Юрый Пракапчук, ні суддзя Наталля Вакульчык разам з супрацоўнікамі райвыканкама не ўбачылі ў  гэтым парушэння.

Кажа сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі:

– Персанальнае галасаванне праведзена не было, што пацвердзілі і прадстаўнікі выканкама. Але, на іхную думку, у персанальным галасаванні проста не было патрэбы.  Хоць пастанова ЦВК і патрабуе гэтага. Яны працавалі ў адпаведнасці з пастановай, не выканалі гэты пункт, але не лічаць гэта парушэннем заканадаўства. Мы звернемся ў ЦВК па тлумачэнне, чаму можна не выконваць пастанову ЦВК і пры гэтым не парушаць выбарчае заканадаўства.

Паводле гараджан, іншага рашэння яны ад цяперашняга суда і не чакалі. Калі стварэнне раённай выбарчай камісіі прайшло з парушэннямі, калі адзіны прадстаўнік ад апазіцыі не ўключаны ў склад камісіі, то нічога іншага, новага нельга чакаць і ад выбараў. Яны пройдуць, як заўсёды.

Беларускае Радыё Рацыя