Сяржук Русецкі: У аптэках няма антысептыкаў і ахоўных масак



Колькасць хворых на каронавірус у Беларусі павялічваецца. На раніцу 20 сакавіка афіцыйна падцверджана 69 выпадкаў. Хаця ў людзей да афіцыйных лічбаў даверу  няма.

Улады заспакойваюць людзей і заклікаюць не панікаваць.  Якая абстаноўка з пандэміяй каронавірусу ў Бярозаўскім раёне, гаворыць сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі:

– Гэта відаць тэма №1 у размовах. Частка людзей, калі маюць грошы, павялічылі запасы харчавання. Нейкая частка бацькоў абмяжоўвае наведванне сваімі дзецьмі школаў, хоць афіцыйна зарэгістраваных выпадкаў захворвання на каронавірус няма. Няма афіцыйнай інфармацыі, хоць чуткі па горадзе ходзяць, што знайшлі ў школе, недзе яшчэ. Як паказвае інтэрнэт-рэсурс таблетка.бай, антысептыкаў у Бярозаўскіх аптэках няма.

Паводле Сержука Русецкага, аднаразовыя маскі (крыху больш за 300 камплектаў) ёсць толькі ў адной прыватнай аптэцы.

У Бярозаўскай раённай  бальніцы, паводле слоў медыкаў, заканчваецца антысептык, на рукі выдалі ўсяго па 1-2 маскі. Хуткая мае толькі 3 спецыялізаваныя касцюмы, калі мае іх наогул. З 21-га сакавіка стацыянарныя хворыя не будуць разам праходзіць фізпрацэдуры з людзьмі з вуліцы, уведзены каранцін для наведвальнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя