Сяржук Русецкі: У сваёй краіне грамадзяне не вольныя



Прайшоў год пасля рэпрэсій над актыўным беларускім грамадствам. Як парушаліся правы людзей на Берасцейшчыне расказаў госць Радыё Рацыя Сяржук Русецкі. З ім размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

РР: Што вы можаце сказаць пра парушэнне правоў чалавека ў вашым рэгіёне вось за гэты год з моманту выбарчай кампаніі?

Сяржук Русецкі: Спачатку ў значнай ступені было парушана права на справядлівыя і сумленныя выбары, паколькі ўсе назіральнікі не мелі права прысутнічаць на падліку галасоў.

РР: Незалежных вы маеце на ўвазе?

Сяржук Русецкі: Незалежныя назіральнікі. На большасці выбарчых участкаў наогул не былі вывешаныя пратаколы падвядзення вынікаў галасавання. Не былі зарэгістраваныя асноўныя кандыдаты, не ўлічаныя іхнія подпісы. І рэпрэсіі пачаліся за некалькі месяцаў да дня галасавання. Была арыштаваная большасць блогераў, у тым ліку і бярозаўскі –  Аляксандр Кабанаў, і той жа самы Ціханоўскі, які прэтэндаваў быць адным з кандыдатаў. Яго ініцыятыўную групу ўвогуле не зарэгістравалі, а пазней кіраўнік штаба Святланы Ціханоўскай быў арыштаваны з-за правакацыі. Пасля ў той жа Бярозе не адбылася сустрэча са Святланай Ціханоўскай, паколькі ахова атрымала інфармацыю, што будзе правакацыя супраць яе як кандыдаткі. Пасля Бярозы і ў іншых гарадах, ды і ў Менску, большасць сустрэч не была праведзеная.

На сустрэчу са Святланай Ціханоўскай, якая з ёй не адбылася, прыехалі толькі яе давераныя асобы, сабралася незвычайная колькасць людзей – каля 3000 прысутных у бел-чырвона-белай гаме.Такой недзяржаўнай акцыі ў Бярозе ніколі не было – ні 9, ні 10 жніўня. Людзей хапалі за тое, што яны былі на плошчы або каля плошчы, у Бярозе, у Белаазёрску.

Калі родныя затрыманых 9, 10, 11 жніўня не маглі даведацца, дзе знаходзяцца іх родныя, як ім перадаць перадачу – дзе яны, у Бярозе, ці ў Баранавічах, ці яшчэ дзе-небудзь? Калі на роўным месцы – чалавек ехаў на ровары, і яго маглі схапіць і забраць.

Пасля пратэстаў жанчын з кветкамі і той жа акцыі, якая прайшла каля камбіната будаўнічых матэрыялаў з ініцыятывы намесніка дырэктара Дзмітрыя Юркевіча, таксама была вельмі ўражлівая акцыя. Калі і машыны ехалі і сігналілі, і людзі стаялі. Затрыманых людзей павыпускалі. А пасля тых жанчын, якія ў свой час стаялі з кветкамі, пачалі пазней ужо арыштоўваць за самыя мірныя акцыі. Спачатку давалі адміністрацыйныя штрафы, а пазней ужо і суткі, а пасля пачалі ўжо затрымліваць нават без прыцягнення да якой адміністрацыйнай адказнасці, проста затрымліваць, і ўтрымліваць па 72 гадзіны ў ІЧУ.

Калі мы былі побач з аддзелам унутраных спраў,  і пыталіся ў грамадзянаў, каго з іх родных затрымалі, была таксама затрыманая і праваабаронца, журналістка Радыё Рацыя Тамара Шчапёткіна. Пазней  з-за таго, што ў яе пагоршыўся стан здароўя, яна была дастаўленая ў лякарню з ізалятара. Прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу, была ўзбуджаная крымінальная справа.

Была дастаўленая ў суд Бярозаўскага раёна яшчэ да выбараў назіральніца з Белаазёрска Ірына Грышчук, якую старшыня камісіі пазбавіў акрэдытацыі і выклікаў на яе міліцыю. Яна была адвезеная ў суд, а пазней аштрафаваная.

Вельмі шмат людзей аштрафоўвалі не раз за піццё гарбаты, быццам грамадзяне не маюць права піць гарбату на плошчы, дзе няма ніякіх забароненых знакаў, што на плошчы нельга піць гарбату. Яны не вольныя грамадзяне ў сваёй краіне, а знаходзяцца на нейкай тэрыторыі, якая агароджана ўмоўным калючым дротам, і там нельга прысутнічаць. І атрымлівалі, хто штрафы, хто суткі. Яшчэ не адбыўся суд, а ў людзей забіралі мабільныя тэлефоны з-за таго, каб потым яны заплацілі гэтыя штрафы, якія ім будуць прызначаныя, хоць іх яшчэ ніхто не прызнаў вінаватымі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя