Сяржук Сыс: Лічу, трэба памілаваць братоў Косцевых
Чатыры дні засталося да заканчэння збору подпісаў пад петыцыяй аб памілаванні братоў Іллі і Станіслава Косцевых. Яны былі асуджаны да смяротнага пакарання за забойства настаўніцы.
“Схіляючы галаву перад роднымі і блізкімі забітай і прымаючы ўсю тую боль, прычыненую дзеяннямі маіх братоў, я ўсё ж прашу Вас праявіць міласэрнасць да іх”, — адзначае сястра асуджаных Ганна Косцева ў тэксце петыцыі, якую збіраецца накіраваць на адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Подпісы пад петыцыяй ставяць і вядомыя людзі, сярод іх — паэт і журналіст Сяржук Сыс:
– Мяне абурыла рэакцыя многіх людзей, маўляў, што вы іх шкадуеце, іх трэба расстраляць. Гэта ўсё не правільна. Забіваць нікога нельга. Ні настаўнікаў, ні іншых людзей. Таксама нельга забіваць і тых, хто здзейсніў такое цяжкае злачынства. І самае дзіўнае, зараз, калі пандэмія каронавірусу па ўсім свеце, калі кожныя суткі паміраюць тысячы людзей, дзяржава мае намер расстраляць гэтых маладых хлопцаў, якія ніякія не рэцыдывісты, яны ўпершыню здзейснілі такое цяжкае злачынства, якія маглі б стаць на шлях выпраўлення. Але ў гэтым ім адмаўляюць.
Таксама ў тэксце петыцыі прадстаўнікі беларускай грамадскасці просяць здзейсніць акт гуманізму і замяніць вынесеныя смяротныя прысуды на доўгія тэрміны пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне.
Поўны тэкст петыцыі аб памілаванні братоў Косцевых можна знайсці на сайце petitions.by.
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя