Сястры Жызнеўскага не працягваюць кантракт на працы
З гамяльчанкай Наталляй Жызнеўскай, сястрой загінулага на кіеўскім Майдане ў студзеня 2014 года Міхаіла Жызнеўскага, не працягваюць кантракт на Гомельскім мясакамбінаце.
[youtube id=”hoTrqc5-CC0″]
Як паведаміла Жызнеўская, у аддзеле кадраў прадпрыемства яе праінфармавалі пра гэта, не тлумачачы прычын звальнення. Паводле слоў Наталлі, яна прапрацавала на мясакамбінаце больш за пяць гадоў, на апошняй пасадзе — рабочай у каўбасным цэху — яна працавала амаль два гады. Кантакт заканчваецца 12 чэрвеня. Паводле слоў Жызнеўскай, да яе ніколі не было прэтэнзій і заўваг па працы.
«У цэху ўсе ведалі, што мой брат загінуў на Майдане, казалі мне ў твар, што я сястра бандыта. А асабліва ім стала зайздросна, калі прачыталі ў інтэрнэце, што бацькі будуць атрымліваць пажыццёвую стыпендыю за смерць Мішы. Мне не давалі праходу, асабліва кіраўніцтва, дакаралі і за Мішу, і за стыпендыю бацькам. Зараз пакідаюць мяне без сродкаў да існавання», — адзначыла Жызнеўская.
Начальнік аддзела кадраў мясакамбіната Алена Бліннікава запэўніла БелаПАН, што ў рашэнні аб непрацягу кантракта Жызнеўскай «няма ніякай палітыкі», а звязанае яно з прэтэнзіямі кіраўніцтва каўбаснага цэха да якасці працы гэтай работніцы.
«Перш чым не працягнуць кантракт, наймальнік пытаецца ў непасрэднага кіраўніка, а ў начальніка цэха ёсць заўвагі да яе па працы. Да таго ж наймальнік не абавязаны тлумачыць, чаму не працягвае кантракт. У нас паўтары тысячы чалавек, і з кантрактамі праца ідзе штодня, некаму працягваюць, некаму не — звычайны працэс. Я нават сумняваюся, што дырэктар ведае яе ў твар, — абсалютна ніякага прадузятага стаўлення няма. А пра яе брата я наогул першы раз чую. З нагоды гібелі яе брата, магчыма, і была чутка на прадпрыемстве, але нідзе гэта не афішавалася. Калі нават спытаць у цэху, дзе яна працуе, можа, ніхто і не ведае, што ў яе там брат загінуў. Гэта не палітыка сто працэнтаў. Гэта проста рабочы чалавек, які павінен прыйсці а восьмай гадзіне і не адцягваючыся рабіць сваю працу», — растлумачыла Бліннікава.
Жызнеўская пасля кансультацыі з юрыстамі мае намер аспрэчыць сваё звальненне.
Член ўкраінскай арганізацыі УНА-УНСА гамяльчанін Міхаіл Жызнеўскі быў забіты 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве стрэлам у сэрца. Ён стаў адной з першых ахвяр супрацьстаяння з сілавікамі. 18 лістапада 2015 года прадстаўнік Генеральнай пракуратуры Украіны паведаміў, што Жызнеўскага паразіла куля, якую выкарыстоўваюць у МУС для прыпынення транспартных сродкаў.
26 лістапада 2014 года ў Кіеве адкрылі помнік загінуламу. Бацькам быў уручаны ордэн Герояў Нябеснай сотні.