Symbal.by прэзентаваў відэаролік да 100-годдзя абвяшчэння БНР



Да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ды прызнання бел-чырвона-белага сцяга ды герба «Пагоня» дзяржаўнымі сімваламі Беларусі Symbal.by прэзентуе відэаролік «Скарб».

Дата прэзентацыі абраная невыпадкова: 5 снежня 1917 года ў Менску пачаўся Першы Усебеларускі з’езд, які абвясціў права беларускага народа на самавызначэнне і прыняцце дэмакратычнай формы ўраду.

Першы Усебеларускі з’езд аб’яднаў усе палітычныя партыі, грамадскія і культурныя нацыянальныя арганізацыі і іншыя суполкі, якія тады прадстаўлялі ўвесь наш край — ад Смаленска да Беластока, ад Вільні да Гомеля. Гэта быў першы і самы значны крок у працэсе станаўлення беларускай дзяржаўнасці, які прывёў да абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года, без якога магло і не быць сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Вядома, што і бел-чырвона-беламу сцягу, і гербу «Пагоня» больш за 100 гадоў, але менавіта ў пачатку XX стагоддзя гэтыя сімвалы, прайшоўшы складаны шлях праз войны, забароны, забыццё, падзелы і знявагі, сталі ў аснове нацыянальнага беларускага адраджэння і канстытуцыйнага афармлення беларускай дзяржаўнасці нашага часу.

І, дзякуючы падзеям 1917-1918 гадоў, ужо напрыканцы XX стагоддзя, у 1991 годзе, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь. Што б ні адбывалася далей, але статусу першых дзяржаўных сімвалаў незалежнай Беларусі ў іх ужо не адабраць.

Відэаролік  «Скарб» створаны ў межах кампаніі #БНР100 да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі творчым аб’яднаннем «Інакш» па замове Symbal.by.