Symbal.by загадалі прыпыніць працу вытворчасці
Краме нацыянальнай сімволікі symbal.by, размешчанай на праспекце Машэрава ў Менску, выдадзенае прадпісанне прыпыніць працу вытворчасці „да ліквідацыі парушэнняў”, паведаміў дырэктар крамы Павел Белавус на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”.
Паводле яго слоў, 17 чэрвеня на вытворчасць symbal.by з’явіліся супрацоўнікі міліцыі і Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Цэнтральнага раёна Менска. Паводле вынікаў праверкі крама атрымала патрабаванне санстанцыі з 18 чэрвеня прыпыніць працу вытворчасці „да ліквідацыі парушэнняў”.
„У дакуменце, дзе на дзве старонкі распісаныя парушэнні, якія проста нерэальна ўсе выканаць нікому і ніколі, напісана, што нашая дзейнасць „создает угрозу национальной безопасности, причинения вреда жизни и здоровью населения, окружающей среде”, — адзначыў Белавус.
„З гэтай прычыны, паколькі фізічна і тэхнічна мы не можам аператыўна выканаць тысячы замоў, якія прыйшлі за апошні тыдзень на наш сайт на прадукцыю з дызайнам „ПСІХОЗ%”, мы пакідаем у продажы на сайце Symbal.by толькі тую прадукцыю, якая зараз рэальна ёсць у наяўнасці”, — дапоўніў дырэктар крамы.
Праверкі ў дачыненні да symbal.by пачаліся пасля таго, як 12 чэрвеня аўтамабіль, на якім кур’ер вёз з месца вытворчасці ў краму 419 маек з надпісам „ПСІХО3%” (абыгрываюцца слова „псіхоз”, якім Аляксандр Лукашэнка назваў сусветную рэакцыю на каронавірус, і 3% галасоў, якія ён атрымаў падчас інтэрнэт-апытанняў пасля старту прэзідэнцкай выбарчай кампаніі), быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ. Кур’еру было прапанавана праехаць у РУУС, дзе падчас праверкі супрацоўнікі міліцыі звярнулі ўвагу на каробкі з майкамі. Тавар быў канфіскаваны для праверкі.
15 чэрвеня супрацоўнік аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Савецкага РУУС Менска і чатыры падатковыя інспектары інспекцыі МПЗ па горадзе Мінску правялі чатырохгадзінны агляд крамы symbal.by. Былі агледжаныя гандлёвыя, офісныя і вытворчыя памяшканні, складзеныя пратаколы, канфіскаваная частка бухгалтарскіх дакументаў.
„Супраць нашай крамы вядзецца адміністрацыйны працэс па факце, які адбыўся 12 чэрвеня, калі ў нашага кур’ера міліцыянты забралі тэніскі „ПСІХО3%”, і разглядаецца варыянт завядзення адміністрацыйнай справы па факце парушэння правілаў перавозкі матэрыяльных каштоўнасцяў”, — напісаў тады Белавус.
Фота symbal.by