Сын Чыжа стаў кіраваць «Трайплам»



Стырно ўлады ў холдынгу «Трайпл» перайшло 28-гадоваму сыну саўладальніка групы кампаній Сяргею Чыжу. Пра гэта распавялі tut.by некалькі крыніц.

Чыжы

Сяргей Чыж (на фота злева) са сваім бацькам Юрыем Чыжом. Фота: Tribuna.com

Гендырэктар «Трайпла» Юрый Чыж быў затрыманы 11 сакавіка. Яго падазраюць у нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДБ Валерый Вакульчык, адказваючы на пытанне пра «справу Чыжа», нядаўна заявіў журналістам, што «няма нават блізка падстаў адпусціць яго пад падпіску аб нявыездзе».

Па словах суразмоўцы, «пасля затрымання Юрыя Саныча наступіла нейкае безуладдзе». «Была паралізаваная праца шэрагу прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у «Трайпл». «Прасторы», пра якія ўсе пісалі, толькі вярхушка айсберга. А ёсць яшчэ будоўля, заводы… Цяпер бацька дэлегаваў паўнамоцтвы сыну. Сітуацыя паступова пачынае не тое каб кардынальна мяняцца, але відаць святло ў канцы тунэля, да якога трэба рухацца», — распавяла крыніца, знаёмая з кіраўніцтвам «Трайпла».

Што тычыцца перспектыў «справы «Трайпла», то суразмоўца сказаў, што «сітуацыю складана сходу ўзяць і разруліць», таму што ў Юрыя Чыжа «пасівы перавышаюць актывы ў разы».

«Цяпер функцыі кіраўніка перайшлі Сяргею. У яго добрая адукацыя. Нягледзячы на маладосць, у сына ўжо ёсць кіраўнічы досвед», — сказала яшчэ адна крыніца.

Да гэтага Сяргей Чыж быў дырэктарам кампаніі «Прастор Трэйд», якая кіруе пяццю гіпермаркетамі Prostore у Менску. Са словаў расейскіх крыніц, у сувязі з высокай занятасцю Чыжа-мал. у «Трайпле» у «Прастор Трэйд» праведзеныя кадравыя і арганізацыйныя перастаноўкі. Больш паўнамоцтваў дэлегавана цяперашнім і запрошаным топ-менеджарам.

Раней стала вядома, што Сяргей Чыж абраны замест бацькі на пасаду старшыні назіральнага савета футбольнага клуба «Дынама-Менск».

Пра Сяргея Чыжа вядома няшмат. Ён нарадзіўся ў 1988 годзе. Пасля заканчэння школы паехаў на вучобу ў Англію. Спачатку ў каледж пры Лонданскім універсітэце, затым — у Оксфардскі ўніверсітэт. Да прыходу ў «Прастор» працаваў у кампаніі «Тадэум», якая пастаўляла прадукты харчавання для сеткі гіпермаркетаў.

У 2013 годзе Сяргей Чыж увайшоў у назіральны савет Менскага завода пеністых вінаў. Гэта адбылося пасля таго, як «Трайпл» выкупіў пакет акцый завода.

Улетку 2015 гады сын Чыжа адгуляў пышнае вяселле ў комплексе «Лагойск». У якасці хэдлайнера на ўрачыстасці выступаў Мікалай Баскаў.

У кампаніі «Трайпл» адмовіліся ад каментароў.