Сын Станіслава Шушкевіча захварэў у ізалятары на каронавірус і заразіў маці



Сын першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча заразіўся каронавіруснай інфекцыяй, калі адбываў 10-сутачны арышт у Жодзінскім ізалятары. Жонка палітыка Ірына заразілася ад сына, калі паехала забіраць яго пасля адседкі. 

Сам 86-гадовы Станіслаў Шушкевіч знаходзіцца на жорсткай самаізаляцыі ад родных, бо ён у „групе рызыкі” па COVID-19. Ён застаўся ў кватэры адзін і не выходзіць з яе:

– Жонка хварэе на каронавірус, сястра стрыечная памерла ад каронавіруса. Мне тэст зрабілі даволі даўно. Пасля сына за пратэсты арыштавалі, і ён у турме падчапіў каронавірус. Яго жонка прывезла з Жодзіна дадому, і яна захварэла. Такія вынікі. У яе дрэннае было становішча, цяпер крыху лягчэй. Ёсць надзея, што можа выздаравее.  

Нагадаем, што 9 снежня ад наступстваў каронавіруса памёр былы беларускі прэм’ер Вячаслаў Кебіч. Яму было 84 гады. А раней, летам, у першую хвалю COVID-19, памерла сястра Станіслава Шушкевіча.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя