Сыну – штраф, бацьку – і штрафы, і “суткі”, і пракурорскае папярэджанне, і выклік у падатковую



Пра судовы і міліцэйскі ціск за ўдзел у мірных акцыях пратэсту віцебскі прадпрымальнік і грамадскі актывіст Максім Жукаў паведамляе ў сацыяльных сетках. З апошняга – аповед пра выклік у падатковую інспекцыю, з перадапошняга – арышт сына Іллі за ўдзел у мірным шэсці 25 кастрычніка.

Ілля Жукаў распавёў, за што менавіта яго аштрафавалі на 8 базавых велічынь або 216 рублёў:

– За палітычныя погляды. За ўдзел у мітынгу , які выказваў пратэст супраць грамадскага ладу, пратэст супраць парадку правядзення выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Проста ішоў у калоне грамадзянаў, якія неслі шарыкі і кветкі. Буду абскарджваць, абавязкова. Падам скаргу.

Бацька хлопца, Максім Жукаў, быў пад судом тройчы. Першы раз яго затрымалі ўвечары  9 жніўня, калі ён падышоў да выбарчага ўчастка, каб даведацца вынікі выбараў. Тады яго асудзілі на 15 сутак, наступны раз, за ўдзел у акцыі пратэсту – на трое сутак, апошні суд скончыўся штрафам – памерам 45 базавых велічынь або 1215 рублёў.

На думку Максіма Жукава, такая “ўвага” да яго, а цяпер і да сына – невыпадковая:

– Гэта ціск на ўсіх грамадзянаў, што маюць уласную грамадзянскую пазіцыю, якая адрозніваецца ад пазіцыі істэблішмента, які незаконна захапіў уладу ў краіне. Штодзённае беззаконне, якое працягваецца ўжо шмат гадоў – чвэрць стагоддзя, як гэта ўсё адбываецца, толькі ў рознай ступені.

Каб афіцыйна папярэдзіць пра адказнасць за ўдзел у мірных пратэстах, Максім Жукава выклікалі ў пракуратуру. А таксама на пасяджэнне грамадскай рады аддзела аховы правапарадку – грамадскага ўтварэння, пра функцыі і абавязкі якога прадпрымальнік і актывіст даведаўся ўпершыню.

Максім Жукаў адмовіўся падпісваць афіцыйныя папярэджанні пра патрабаванні заканадаўства, якія ён лічыць несправядлівымі і нядзейнымі. Чарговы выклік ён атрымаў з падатковай інспекцыі, якая раптам зацікавілася ягонай прадпрымальніцкай дзейнасцю – у прыватнасці, ініцыятывай аднаўлення сядзібы знакамітага батаніка Уладзіміра Адамава, які жыў непадалёк ад Віцебска.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск