Сёлета ў Беларусі забралі з абарачэння больш за 1000 фальшывых купюраў
Ад пачатку года ў Беларусі забралі з абарачэння больш за 1000 фальшывых банкнотаў. Найбольш часта сярод іх трапляюцца фальшывыя долары, расейскія рублі і еўра. Аднак ёсць і „экзотыка” — турэцкія ліры, кітайскія юані, фунты стэрлінгаў, паведамляе прэс-служба МУС.
Праваахоўнікі адзначаюць, што цягам апошніх гадоў падробкі замежнай валюты сустракаюцца часцей, чым беларускай. Пры гэтым падробкі беларускіх грошай, як правіла, маюць нізкую якасць. Яны робяцца на звычайнай паперы белага колеру фармату А4 з выкарыстаннем капіравальна-памнажальнай тэхнікі.
Выпадкаў, калі для вырабу беларускіх фальшывак ужывалася б паліграфія, пакуль не было. А вось замежныя падробкі часцей за ўсё выпускаюцца на высакаякасным паліграфічным абсталяванні.
98% усіх фальшывак выяўляюцца ў абменніках. У Беларусь яны трапляюць пераважна з Расеі, Украіны, Польшчы ды Літвы. Часцей за ўсё падробкі прывозяць турысты, работнікі замежных прадпрыемстваў, прадпрымальнікі, якія купляюць імпартныя тавары, а таксама беларусы, якія ездзяць у госці да сваякоў за мяжу.