У ВНУ на бюджэтную форму навучання прымуць 27,2 тыс. чалавек



Ва ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі 12 ліпеня стартавала ўступная кампанія. Сёлета ў ВНУ на бюджэтную форму навучання плануецца прыняць 27,2 тыс. чалавек. Гэта на 700 чалавек менш, чым у мінулым годзе, паведамляе прэс-служба Міністэрства адукацыі.

З вакантных месцаў 22,2 тыс. — на дзённую форму навучання і 5 тыс. — на завочную. На платнае аддзяленне план прыёму — 31 тыс. чалавек (у 2016 годзе — 34,8 тыс.). На ўмовах аплаты 14,8 тыс. студэнтаў возьмуць на дзённае аддзяленне і 16,2 тыс. — на завочнае. Такім чынам, плануецца, што ва ўсе ВНУ краіны ў гэтым навучальным годзе будзе набрана 58,2 тыс. студэнтаў.

Прыёмныя камісіі працуюць з панядзелка па суботу з 9 да 18 гадзін.

З 12 па 17 ліпеня ўстановы вышэйшай адукацыі прымаюць дакументы на бюджэтнае аддзяленне ад усіх абітурыентаў і на платнае ад тых, хто будзе здаваць экзамены.

Выпускнікі профільных педагагічных класаў на педспецыяльнасці з праходжаннем гутаркі могуць падаваць дакументы з 12 па 14 ліпеня. Для тых, хто не прайшоў гутаркі, з 14 ліпеня прадугледжана магчымасць падаць дакументы на іншыя спецыяльнасці або ў іншыя ВНУ.

Прыём дакументаў на платную форму ў залежнасці ад спецыяльнасці будзе доўжыцца да 31 ліпеня ў сілавыя ВНУ, па 2 жніўня — ва ўстановы вышэйшай адукацыі творчай накіраванасці і па 4 жніўня — у іншыя ВНУ без здачы ўнутраных іспытаў.

З 18 ліпеня пачынаюцца ўступныя экзамены па творчасці, фізічнай культуры, а таксама для выпускнікоў каледжаў, якія паступаюць на скарочаны тэрмін навучання.

Як і летась, без іспытаў на педагагічныя спецыяльнасці могуць паступаць медалісты, уладальнікі дыпломаў з адзнакай, пераможцы абласных алімпіяд па прадметах першых профільных іспытаў (пры наяўнасці рэкамендацыі педсавета школы).

Дадатковы набор у ВНУ будзе абвешчаны, калі пасля завяршэння залічэння на бюджэт застануцца вакантныя месцы. Пры гэтым, адзначаецца ў паведамленні Мінадукацыі, зніжэння парогавых значэнняў прахадных балаў ва ўсе ВНУ (акрамя Акадэміі МУС) не прадугледжана.

belapan.by