Сёлетні палявы лагер у Белавежскай пушчы будзе прысвечаны совам



Традыцыйны ды юбілейны палявы лагер стартуе ў Нацыянальным парку Белавежская пушча. Яго арганізатары – прадстаўнікі Берасцейскага аддзялення грамадскага аб’яднання ’’Аховы птушак Бацькаўшчыны’’. Удзел у дзясятым па ліку штогадовым адукацыйным мерапрыемстве прымуць эколагі, студэнты і грамадскія актывісты рэгіёну, – расказвае кіраўнік берасцейскага аддзялення арганізацыі ды адзін з арганізатараў сустрэчы Андрэй Абрамчук:

– Прысвечана совам – іх вывучэнню, ахове, у тым ліку з дапамогай вырабу і развешвання штучных гнездзішчаў, мы гэтым ужо займаемся 10 гадоў, шмат гнездзішчаў развешана, мы будзем высвятляць іх стан. Акрамя гэтага ў гэтым годзе дададзім новы кампанент – адукацыйны, будзем навучацца магчымасцям удзелу грамадства ў канктэксце сертыфікацыі.

Паводле Андрэя Абрамчука, такая сертыфікацыя накіраваная на паляпшэнне сістэмы кіравання ляснымі гаспадаркамі. Яшчэ адна частка сустрэчы будзе прысвечана далучэнню Беларусі да Ізумруднай сеткі, якая фарміруецца ў межах Канвенцыі аб ахове дзікай фаўны, флоры і прыродных асяроддзяў у Еўропе – на тэрыторыі краін, якія не ўваходзяць у Еўразвяз.

Беларускае Радыё Рацыя