Павел Латушка: Беларуская мова – наш скарб (абноўлена)



Былы амбасадар і экс-міністр культуры, а сёння сябра Каардынацыйнай рады Павел Латушка выказаўся пра беларускую мову ў яго жыцці:

– Памятаю, як у школе ў 11 класе выступіў з ініцыятывай арганізаваць Дзень беларускай мовы, як мы са старэйшым братам па начах малявалі плакаты. Памятаю, як падчас уручэння даверчых лістоў прэзідэнту Польшчы прапанаваў весці гутарку на беларускай мове. Як першы раз у сваім жыцці напісаў верш, як мая дачка прачытала мне свой уласны першы верш на мове. Кожны мае свае гісторыі, але нас павінна аб’ядноўваць простая павага да роднага, да нашага слова, слова песняроў, слова народа. Беларуская мова – наш скарб, што перадаваўся, нягледзячы на ўсе перашкоды і трагедыі, пакаленнямі беларусаў сваім нашчадкам. Яна ласкавая і пяшчотная, задзірыстая і яскравая. І я з радасцю прымаю ўдзел у чэленджы курсаў „Мова нанова”, „Мова для ўсіх”, які прысвечаны Дню роднай мовы.

Беларускае Радыё Рацыя

***

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны UNESCO ў 1999 годзе.

У гэты дзень ва ўніверсітэтах, клубах, іншых установах праходзяць адмысловыя імпрэзы і акцыі, у сацыяльных сетках і СМІ з’яўляюцца публікацыі, абвяшчаюцца конкурсы і г.д. пра беларускую мову.

Беларускае Радыё Рацыя