Сёння агучаць прысуд для двух жыхароў Пінска
Чакаецца, што сёння, 27 верасня, будзе агучаны прысуд для двух жыхароў Пінска Іллі Бохана і Сцяпана Дразда. Яны з’яўляюцца фігурантамі гучнай “пінскай справы”. Працэс адбываецца ў закрытым фармаце ў судзе Маскоўскага раёна Берасця.
“Нягледзячы на тое, што сваякі адмовіліся ад дапамогі грамадскасці, гэта аніяк не паўплывае на змякчэнне выраку”, – адзначае праваабаронца Алесь Рамановіч:
– Тыя суды, якія ўжо былі па той самай справе, яны паказалі, што на тэрмін ніяк не ўплывае. Калі чалавек атрымаў дапамогу ад праваабаронцаў, калі ён звяртаўся, ці проста не захацеў „свяціцца” – на прысуд гэта не паўплывала. Суды працягваюцца, і зноў жа “свеціць” ад 3 да 8 гадоў. Колькі дадуць – даведаемся пазней.
Нагадаем, што па “пінскай справе” ўжо асуджана 24 чалавекі, яны атрымалі вялікія тэрміны – ад 4 да 6,5 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя таго павінны сплаціць у салідарным парадку звыш 210 тысячаў рублёў маральнай кампенсацыі міліцыянтам.
Беларускае Радыё Рацыя