Сёння беларусы свету святкуюць 100-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну



Шанцаў на перамогу ва ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну не было. Так лічыць гісторык Юры Глушакоў.

Аднак, як адзначае эксперт, беларусы павінны з павагай ставіцца да мужнасці слуцкіх паўстанцаў.

– У тым выглядзе, як гэта ўсё адбылося, гэта ўсё ж было адначасова і вельмі падобна  на  пэўную авантуру, ці на жэст адчаю, бо сілы былі няроўныя. Калі  казаць пра пашырэнне гэтага руху, то тут трэба было рыхтавацца. Павінна была быць прапаганда ў тыле Чырвонага войска, павінны былі пачацца нейкія сялянскія паўстанні.

27 лістапада 1920 года распачалося паўстанне супраць савецкай улады – Слуцкі збройны чын. Яно адбывалася пад лозунгамі незалежнасці Беларусі, абвешчанай 25 сакавіка 1918 года Радай БНР.

Беларускае Радыё Рацыя

***

«Пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына» – гэтыя словы былі лозунгам змагароў са Слуцкага збройнага чыну. Сёння беларусы свету святкуюць 100 гадавіну Слуцкага збройнага чыну, але таксама ўшаноўваюць усіх герояў, змагароў за вольную Бацькаўшчыну.

Беласток адзначае гэтую дату адмысловай выставай, кажа актывіст з ліку сучасных беларускіх эмігрантаў Дзяніс Бондараў:

– Ужо некалькі месяцаў таму ў нас разам з мясцовымі беларусамі ўзнікла такая задума, каб неяк гэта адзначыць. Гэта аповед пра тое, што адбывалася тады. Плакаты, на якіх будуць фотаздымкі тых часоў байцоў-случчакоў. Гэта здымкі розных артэфактаў і, безумоўна, тэкставая інфармацыя, якая датычыць гэтага часу.

Выстава ладзіцца пад патранатам Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку. На думку прафесара Алега Латышонка, сённяшняя дата мае выключнае значэнне для беларусаў і беларускай гісторыі:

– Я лічу, што практычна Слуцкае паўстанне было адзіным самастойным узброеным выступленнем за свабоду. Гэта прыклад, калі ініцыятыва ідзе знізу, проста насельніцтва выбірае сваё прадстаўніцтва і пачынае збіраць сваё войска. Таму мы павінны гэтую падзею шанаваць, гэта прыклад таго, што беларусы здольныя змагацца за сваю краіну, праліваць за яе кроў.

Урачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай стагоддзю Слуцкага збройнага чыну адбудзецца а 14.00 па польскім часе ля Генеральнага Консульства Беларусі ў Беластоку.

Беларускае Радыё Рацыя