У Лідзе судзяць незалежнага журналіста Юрыя Дзешука



Незалежны журналіст з Бярозаўкі, што на Гарадзеншчыне, Юры Дзяшук а 16-й гадзіне выкліканы ў суд.

Яго вінавацяць у парушэнні адміністрацыйнага артыкула 23.34 частка 3-я.  Справа распачата па выніках падзей у судзе над мясцовым актывістам Вітольдам Ашуркам, які міліцыянты палічылі несанкцыянаваным пікетам.

Кажа Юры Дзяшук:

– Сітуацыя абсалютна абсурдная. Супрацоўнікі міліцыі палічылі, што агалошванне прысуду па крымінальнай справе Вітольду Ашурку – гэта быў пікет, несанкцыяванае масавае мерапрыемства. Бо там людзі пасля агалошвання прысуду 5 гадоў Вітольду паддаліся на эмоцыі, частка людзей пачала выкрыкваць: “Жыве Беларусь!” “Ганьба!” “Верым! Можам! Пераможам!” Але самае цікавае, што ў гэтым я не ўдзельнічаў, я проста знаходзіўся ў залі суда.

Юры Дзяшук будзе даводзіць у судзе, што не рабіў таго, у чым яго вінавацяць, у пацвярджэнне сваіх слоў ён мае відэазапісы з суда. Разам з журналістам па гэтай справе праходзяць яшчэ каля 10 чалавек, якія прысутнічалі на судзе над Вітольдам Ашуркам,  у тым ліку гарадзенскі актывіст Ежы Грыгенча. Усім ім пагражае штраф альбо адміністрацыйны арышт.

Беларускае Радыё Рацыя