Сёння Міжнародны дзень лясоў



У 2012 годзе Генеральная Асамблея ААН аб’явіла 21-е сакавіка Міжнародным днём лясоў. Ён прысвечаны тэме захавання ляснога фонду зямлі, скарачэнню неабгрунтаванай высечкі дрэў. У Беларусі пагроза лясам перш за ўсё сыходзіць ад пажараў, толькі летась іх адбылося звыш тысячы.

Галоўны чыннік узгаранняў – “чалавечы фактар”, – адзначыў супрацоўнік пінскага лясгаса Ігар Пацоўскі:

– На сваім дачным участку можна выкасіць восенню траву, якая вясной не будзе сухая і не будзе прычынай пажару. Элементарна забяспечыць свой дом  ці дачную пабудову вогнетушыцелем ці ёмістасцю з вадой. У лясах старацца выконваць таксама элементарныя правілы пажарнай бяспекі. Не раскідваць смецце, шкло, ад якога таксама можа ўзнікнуць пажар.

Летась пажаранебяспечны перыяд у лясах краіны ўжо быў аб’яўлены ў сакавіку, але сёлета з-за добрых ападкаў узімку, гэтыя тэрміны адцягваюцца.

 Беларускае Радыё Рацыя