Палітвязень Міхаіл Жамчужны – на волі (абноўлена)



Міхаіл Жамчужны выйшаў з папраўчай калоніі N9 (Горкі Магілеўскай вобласці) каля 8-й раніцы.

Супроцоўнікі калоніі адразу адвезлі яго на чыгуначную станцыю і пасадзілі на дызель-цягнік да Воршы. Таму журналістам і сябрам не ўдалося сустрэць палітвязня каля турэмнае брамы – давялося ехаць на аршанскі чыгуначны вакзал. Сустракаць Міхаіла са зняволення прыехаў з Менску ягоны паплечнік па арганізацыі „Платформа інавэйшн” Андрэй Бандарэнка

Даведка: Міхаіл Жамчужны нарадзіўся ў Віцебску 14 жніўня 1955году. Ён кандыдат тэхнічных навук, вынаходнік, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве. Ва універсітэце кіраваў лабараторыяй, якая займалася праблемамі прамысловага вырабу вадароду. 

Паводле сайта palitviazni.info, ягонай дзейнасцю  зацікавіўся  КДБ, навукоўцу прапанавалі супрацоўнічаць з “органамі”. Ён адмовіўся, і ў 2007-м годзе быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі – на яго завялі крымінальную справу  па артыкуле 210 «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».

Пасля вызвалення ў 2012 годзе Жамчужны не стаў вяртацца  на працу ва ўніверсітэт, дзе яго абвінавацілі. Ён вырашыў далучыцца да членаў арганізацыі “Платформа”, дзе займаўся зборам інфармацыі пра сітуацыю ў месцах зняволення. Пасля ліквідацыі “Платформы” пагадзіўся стаць заснавальнікам новай арганізацыі “Платформы інавэйшн” І зноўку быў арыштаваны – праз тыдзень пасля абвяшчэння прысуду  дырэктару “Платформы інавэйшн ” Андрэю Бандарэнку. у  ліпені 2015 года  быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Але судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Міхаіл Жамчужны быў прызнаны вінаватым у падбухторванні  супрацўніка міліцыі да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Падрабязнасці крымінальнай справы супраць Міхаіла Жамчужнага былі цалкам закрытымі на этапе следства,  суд таксама праходзіў у закрытым рэжыме. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем.

Тэрмін зняволення ён адбываў у калоніях у Навасадах і Івацэвічах. Апошнія  гады – у  Горацкай папраўчай калоніі № 9. У лістах на волю ён паведамляў пра ціск з боку адміністрацый выпраўленчых установаў, яго шмат разоў каралі  змяшчэннем у карцар, не перадавалі карэспандэнцыю, зневажалі чалавечую годнасць.  

Беларускае Радыё Рацыя

***

Сёння мае выйсці на волю палітвязень Міхаіл Жамчужны. Апошнім часам яго ўтрымлівалі ў калоніі ў Горках.

Група журналістаў, у тым ліку карэспандэнтка Беларускага Радыё Рацыя, плануюць яго сустракаць. Але дакладны час выхаду невядомы. Не выключна, што сілавікі завязуць Жамчужнага пад вартай на вакзал ці ўвогуле ў Воршу.

Нагадаем, 10 ліпеня 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў Міхаіла Жамчужнага вінаватым у прыватнасці ў «наўмысным раскрыцці звестак, якія складаюць службовую тайну». Яго прысудзілі да шасці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

Жамчужны мае ступень дацэнта, кандыдата тэхнічных навук, з’яўляецца аўтарам некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак. Першым у краіне зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве. У 2012 годзе ён вырашыў заняцца дзейнасцю ў сферы правоў зняволеных, стаў сябрам арганізацыі „Платформа”, дзе займаўся зборам інфармацыі пра сітуацыю ў турмах. 

Беларускае Радыё Рацыя