Сёння ноччу Еўропа пераходзіць з летняга часу на зімовы
Сёння ноччу – змена часу ў Еўропе. У ноч з 28 на 29 кастрычніка мы пераходзім з летняга на зімовы час – значыць, будзем спаць на гадзіну даўжэй. Гадзіннікі трэба перавесці на гадзіну назад.
На ўсёй тэрыторыі Еўразвязу зімовы час вяртаецца ў апошнюю нядзелю кастрычніка, а летні – у апошнюю нядзелю сакавіка. Апытанне IBRiS для Radio ZET, праведзенае ў кастрычніку 2022 года, паказвае, што амаль 80 працэнтаў жыхароў Польшчы выказаліся супраць пераводу часу. Таксама грамадскія кансультацыі, праведзеныя Еўракамісіяй у 2018 годзе, паказалі, што 84% рэспандэнты выказаліся за адмену пераводу часу. Еўракамісія пачала працу ў гэтым напрамку, але яна была спыненая пандэміяй Кавіду.
Пераход на летні час быў уведзены еўрапейскімі краінамі ў мінулым стагоддзі з мэтай эканоміі энергіі, асабліва падчас вайны і нафтавага крызісу 1970-х гадоў. У Беларусі час не будуць пераводзіць. Таму розніца паміж Польшчай і Беларуссю ад заўтра будзе складаць дзве гадзіны.
Беларускае Радыё Рацыя