У Менску было больш за 370 затрыманняў на нядзельных маршах (абноўлена)



Па розных дадзеных ад 13 да 14 чалавек забралі хуткія ў нядзелю з РУУС або міліцэйскіх машын.

Інтэрнэт-рэсурс „Спісы затрыманых” піша пра 14 грамадзян, якім спатрэбілася дапамога медыкаў, праваабарончы цэнтр „Вясна” паведамляе аб 13. У большасці выпадкаў гэта мужчыны. Але ёсць у спісе і адна жанчына — Алена Купцэвіч, медыкі забралі яе з Партызанскага РУУС у Менскую абласную клініку.

Усяго ў спісе затрыманых на пратэстах у нядзелю, складзеным праваабаронцамі, больш за 370 прозвішчаў.

У нядзелю ў Менску прайшла традыцыйная акцыя пратэсту пад назвай „Марш супраць фашызму”. У гэты раз удзельнікі не імкнуліся сфармаваць адну калону, збіраліся ў сваіх раёнах. Масавыя акцыі прайшлі ў розных частках горада. Сілавікі адказалі на іх затрыманнямі, у тым ліку з прымяненнем спецсродкаў. У шэрагу раёнаў сілавікі адступілі пад націскам людзей.

Беларускае Радыё Рацыя

***

На раніцу 23 лістапада праваабаронцы паведамілі, што ім вядомыя прозвішчы ужо 374 чалавек, затрыманых у нядзелю на Маршы супраць фашызму.

***

У Менску ў нядзелю, 22 лістапада, людзі выйшлі на Марш супраць фашызму. У гэты дзень паводле афіцыйнай інфармацыі было затрымана больш 200 чалавек.

У МУС пацвердзілі прымяненне спецсродкаў у Менску. Дзе канкрэтна іх ўжывалі, у ведамстве не ўдакладняюць.

17.20. Колькасць затрыманых перавысіла 160 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

16.10. У Менску ізноў запрацаваў мабільны інтэрнэт, наземны транспарт пачаў спыняцца на праспекце Незалежнасці.  Таксама адкрылі  ўсе станцыі метро.

У Савецкім РУУСе затрыманых зноў ставяць каля сцяны ў двары.

У раёне Масюкоўшчыны, як паведамляюць чытачы, марш быў ад самага пачатку і да канца, затрыманняў не было.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра больш чым 100 затрыманых. Затрыманні прайшлі ў асноўным у Менску, а таксама ў Бараўлянах, Берасці, Пінску, Наваполацку, Гародні і Заслаўі. Сярод затрыманых у Менску – таксама  старшыня «Маладога Фронту»Дзяніс Урбановіч.

Так выглядала калона пратэстуючых на праезнай частцы ў раёне станцыі метро „Пушкінская”.

15.25. У Малінаўку прыехалі сілавікі, але разагнаць пратэстуючых не ўдалося. Людзі паднялі рукі уверх і скандуюць: „Ён вас кіне!»

15.00. Супрацьстаянне паміж пратэстоўцамі і сілавікамі на праспекце Газеты Праўда. Удзельнікі нядзельнага маршу занялі і курган на праспекце Любімава, але да іх адразу накіравалася зачыстка.

14.47. На праспекце газеты «Звязда», каля «Бярэсця», шмат аўтазакаў, людзі бягуць у двары.

Калона людзей на Гарадзецкай.

На вуліцы Голубева калона дэманстрантаў сустрэлася з сілавікамі. Пратэстоўцаў падтрымліваюць жыхары бліжэйшых дамоў, якія са сцягамі выйшлі на балконы. Фоты @nashaniva.

 

14.30. На гэты час вядома як мінімум пра 30 затрыманых, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”. Затрыманні прайшлі ў асноўным у Менску, а таксама ў Наваполацку і Заслаўі.

14.20. Сілавікі разганяюць і затрымліваюць людзей каля Нацыянальнай бібліятэкі. З боку цэнтра туды пад’ехала спецтэхніка і вадамёт.

Людзі працягваюць збірацца ў розных частках горада. Вялікая калона рухаецца па праспекце Дзяржынскага.

Фота: Тут.бай

На Максіма Танка аўтазакі і бусы з сілавікамі, была зачыстка і затрыманні.

13:55. На вуліцы Альшэўскага недалёка ад скрыжавання з Глебкі былі чуваць стрэлы. Людзі скандуюць: «Забойцы!». Калона рушыла далей праз двары, паведамляе belsat.eu.

13:50. АМАП не даў прайсці калоне, якая рухалася па вуліцы Багдановіча ў бок кавярні „Белая вежа”. Людзі павярнулі назад. Рух транспарту на вуліцы Багдановіча перакрыты.

13:45. У мікрараёне Паўднёвы Захад сілавікі таксама ўжылі святлошумавыя гранаты супраць пратэстоўцаў. Але людзі, нягледзячы на выбухі, пайшлі на іх з узнятымі рукамі, выціснуўшы сілавікоў у бусы.

13.20. Вялікая калона сфармавалася ва Уруччы. Людзі скандуюць: «Верым! Можам! Пераможам!» і «Далучайся!». Да яе далучаюцца меншыя калоны з іншых раёнаў гораду.

13.12. Супраць людзей, якія стаяць у раёне метро «Каменная горка», сілавікі прымянілі спецсродкі, таксама сілавікі разагналі калону ў Малінаўцы, паведамляе @radiosvaboda. Ёсць затрыманыя.

13.07. Калоны з Алібегава, Малінаўкі і Паўднёвага Захаду аб’ядналіся.

Фота: Тут.бай

Каля спарткомплексу на Каліноўскага сабралася да тысячы чалавек.

Выйшлі Малінаўка і Сокал.

Людзі збіраюцца ў невялікія калоны ў дварах. 

12.00. Як паведаміў Minsknews.by, адменены прыпынкі грамадскага транспарту ад вуліцы Якуба Коласа да Інстытуту культуры. Калі іх адновяць, невядома.

11.55. У сталіцы закрываюць станцыі метро: закрытыя станцыі Плошча Леніна, Кастрычніцкая, Плошча Перамогі, Плошча Якуба Коласа, Няміга, Купалаўская, усе станцыі трэцяй лініі.

У Менску адключаны мабільны ітэрнэт, сілавікі з самай раніцы рыхтуюцца да пратэстаў, у горад сцягваецца вайсковая тэхніка.

Спецтэхніка ля Парка дружбы народаў.

Каля плошчы Незалежнасці аўтобусы з сілавікамі, аўтазакі, чытачы Тут. бай паведамляюць, што каля фізфака БДУ стаяць вадамёты.

Плошчы Незалежнасці і Перамогі абгароджаныя металічнымі турнікетамі, яны патрулююцца сілавікамі. Каля 9 раніцы з боку мікрараёна Уручча ўехала некалькі калон спецыяльнай і ваеннай тэхнікі.

Фота: тут.бай

* * * 

Сёння ў Беларусі 106-ы дзень пратэстаў. А 12:00 мае пачацца Марш супраць фашызму. Ён пройдзе ў новым фармаце. Удзельнікі плануюць збірацца ў сваіх дварах і мікрараёнах, а пасля рухацца ў цэнтр горада.

Беларускае Радыё Рацыя