Сёння пройдзе суд над дзіцячым хоспісам у Гародні
Гарадзенскі дзіцячы хоспіс імя Святога Губерта спрабуе абараніць сябе ад сваволля ўладаў праз суд. Гэтая дзіцячая ўстанова пазбаўляецца права арэнды памяшканняў у дзіцячай лякарні нумар 2 Гародні, а таксама з яе дзейнасці вымагаюць грошай за арэнду памяшкання, якое абавязваў аплочваць мясцовы бюджэт. Гэта абяцаў старшыня выканкама Мячыслаў Гой.
Кажа Вольга Вялічка, дырэктар дзіцячага хоспіса, пра агульны настрой недаверу да суда як трацейскага органу спрэчак бакоў:
– Тое, што сёння робяць суддзі, – гэта па-за межамі разумення жыцця, не проста закона. Гэта іх выбар, і кожны чалавек будзе адказваць за свой выбар, і наш выбар – свядома прайсці праз гэтыя ўсе выпрабаванні. Сёння мы рыхтуемся да суда, не маем ніякіх спадзеваў, будзе так як будзе. Але ж паддавацца і рабіць больш лёгкім працэс знішчэння хоспіса ніхто з нас не будзе.
Вольга Вялічка мяркуе, што хоспіс мусіць годна прайсці праз выпрабаванні суда, куды, спадзяецца, прыйдуць падтрымаць неабыякавыя да працы гэтай установы гарадзенцы. Інтарэсы ў судзе будзе прадстаўляць адвакат.
Кажа Вольга Вялічка:
– У нас ёсць адвакат, мы цалкам давяраем яму, гэта прафесійны чалавек. Мы ўпэўненыя, што не парушалі закон, юрыдычныя і маральныя правы на нашым баку. Але ж у сённяшняй сітуацыі гэтага вельмі недастаткова. Суддзя Кароль, і яму будзе вельмі складана прымаць тое рашэнне, якое яму загадалі. Мы паспрабуем дагрукацца да чалавечага, ён павінен разумець супраць каго ён будзе выносіць рашэнне.
У эканамічным судзе, па вуліцы Савецкіх памежнікаў, 102, першага снежня а 14-00 гадзіне пройдзе разгляд справы пра пазбаўленне права арэнды памяшканняў дзіцячаму хоспісу. Гэта ў Гародні адзіная грамадская дзіцячая ўстанова такога тыпу, якая дзейнічала апошніх 13 год. У лепшыя часы ў хоспісе штодня было больш за сто дзетак з цяжкімі хваробамі.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя