Сёння спаўняецца 80 гадоў з дня аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі
17 верасня спаўняецца 80 гадоў з дня аб’яднання Заходняй і Ўсходняй Беларусі. Гэта падзея ў Польшчы ацэньваецца негатыўна. Аднак беларуская гістарыяграфія не так адназначна трактуе гэты дзень.
Для многіх беларусаў гэта дзень уз’яднання беларускіх земляў. На думку супрацоўніка Інстытута гісторыі нацыянальнай акадэміі навук у Менску, прафесара Валянціна Мазца, каб зразумець сутнасць падзеі 17 верасня, трэба ўлічваць акалічнасці Рыжскай дамовы:
– 17 верасня непарыўна звязана з падзеямі 1921 года. Менавіта тады без удзелу беларусаў быў заключаны Рыжскі мір, там інтарэсы беларусаў не былі ўлічаны. Падзеі 17 верасня 1939 года з пункту погляду дзяржаўных інтарэсаў Беларусі – гэта быў акт безумоўна справядлівы.
Не толькі камуністы падтрымалі ўз’яднанне. Усе тагачасныя палітычныя групоўкі станоўча аднесліся да гэтай падзеі, у тым ліку хрысціянскія дэмакраты і нацыянал-сацыялісты:
– Большасць прадстаўнікоў, нават той жа самы Антон Луцкевіч, вельмі станоўча ўспрынялі гэтыя падзеі. Яны віталі гэта, іншая справа, што для многіх лёс склаўся вельмі трагічна. Палякі і не палякі Заходняй Беларусі пасля 17 верасня 1939 года ў значна частцы сваёй падвергліся рэпрэсіям.
Ад 1 верасня Польшча была ў стане вайны з гітлераўскай Нямеччынай. 17 верасня з Усходу на тэрыторыю ІІ Рэчы Паспалітай уварвалася Чырвоная армія. Падзеі 17 верасня 1939 года ў польскай гісторыяграфіі метафарычна называюцца „нож у спіну”.
Беларускае Радыё Рацыя