Сёння споўнілася б 45 гадоў Паўлу Шарамету



Павел Шарамет нарадзіўся 28 лістапада ў Менску. Скончыў тры курсы гістарычнага факультэту БДУ.  Затым паступіў на факультэт міжнародных адносін Беларускага эканмічнага ўніверсітэту.  У 1994-95 гадах быў аўтарам і вядоўцам штотыднёвай аналітычнай праграмы “Праспект” на Беларускім тэлебачанні. Атрымаў у 1995 годзе прэмію Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча  як найлепшы тэлевізійны журналіст Беларусі.

У жніўні 1995-жніўні 1996-га – галоўны рэдактар “Белорусской деловой газеты”. З верасня 1996-га – супрацоўнік тэлекампаніі ОРТ: кіраўнік Беларускага бюро ОРТ, шэф-рэдактар аддзелу карэспандэнцкай сеткі ОРТ, намеснік дырэктара “Дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ”. З ліпеня 1999 па сакавік 2000 быў вядучым аналітычнай праграмы “Время”. У 1997 годзе атрымаў прэмію Міжнароднага камітэта абароны журналістаў за ўнёсак ў развіццё свабоды слова. Намінант прэміі ТЭФІ Акадэміі расійскага тэлебачання як “найлепшы рэпарцёр” 1999 году.

У 1998 годзе быў асуджаны беларускім судом на тэрмін два гады ўмоўна за рэпартаж з беларуска-літоўскай мяжы. У 2002 годзе атрымаў прэмію Парламенцкай асамблеі АБСЕ “За журналістыку і дэмакратыю”.

Адзін з заснавальнікаў вэб-сайта “Беларускі партызан”, аўтар (супольна з Святланай Калінкінай)  кнігі “Случайный президент”. Аўтар дакументальных фільмаў “Чачэнскі дзённік”, “Дзікае паляванне”, “1991 – Апошні год імперыі”, “Апошняя вышыня генерала Лебедзя”, “Карэйскі капкан”, “Споведзь ката”, “СНІД. Смерць з адкрытай датай”.

З 2009 года быў рэдактарам аддзела палітыкі і грамадства ў часопісе “Огонёк”, пісаў аўтарскія калонкі для гэтага выдання. З 2012 году пачаў весці блог журналіста ў інтэрнэт-газеце “Українська правда”. З 2015 году быў вядоўцам на ўкраінскай радыёстанцыі  Радыё “Вести”.

Загінуў 20 ліпеня 2016 году ў Кіеве  ў выніку выбуху машыны. Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску. Забойства Паўла Шарамета дагэтуль не раскрытае.

Беларускае Радыё Рацыя