Суд не прызнаў фактаў фальсіфікацый на выбарах



Суддзя Суда Маскоўскага раёну Берасця Іна Цівунова вынесла пастанову па скарзе Дзяніса Турчаняка. У ёй зазначаецца, што органы ўнутраных справаў пад час правядзення праверкі фактаў фальсіфікацый на выбарчых участках выканалі сваю працу належным чынам. Падставаў адмяніць пастанову міліцыі ў адмове завесці крымінальную справу па фактах фальсіфікацый няма. Пра гэта паведамляе сябра руху “За свабоду” Сяргей Вакуленка, які прысутнічаў на агучванні пастановы:

– Свае памылкі ўлада ўсё ж такі павінна была прызнаць. Калі яна не прызнае, то рана ці позна трэба будзе адказаць.

Сяргей Пятрухін: Працэс палітычны. Тое, што фальсіфікацыя была – гэта факт. І трэба хаця б гэта прызнаць: так, чатыры бюлетэні падкінулі. Супраць фактаў не папрэш. Яны ўсё гэта абыходзяць. Замяняюць галоўнае другасным. Як звычайна.

Вядома што сябры “Руху за свабоду” засталіся незадаволенымі такім сыходам разгляду скаргі і таму бліжэйшым часам, пасля азнаямлення паспрабуюць абскардзіць гэтую справу ў вышэйшай інстанцыі. Варта зазначыць, што на афіцыйным сайце Вярхоўнага Суда РБ праводзіцца апытанне: “Ці давяраеце Вы беларускай сістэме правасуддзя”, дзе 96,12% з апытаных паведаміла што не давяраюць. Давяраюць жа 5,24% апытаных, і калі скласці гэтыя лічбы то выходзіць 101,36% (!). “Як можна давяраць такой сістэме, калі нават у апытанках яны пішуць нейкую “падставу”, – скардзіцца Дзяніс Турчаняк.

skryn

Цалкам матэрыял у гукавым фармаце:

* * *

У судзе Маскоўскага раёна Берасця разглядаецца скарга паводле „эксперыменту з бюлетэнямі” сябра Руху “За свабоду” Дзяніса Турчаняка. Дзякуючы яму актывіст выкрыў імаверную фальсіфікацыю на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Разгляд скаргі, які пачаўся яшчэ а 10-й гадзіне, вядзе суддзя Іна Цівунова. Падрабязней кажа сам заяўнік Дзяніс Турчаняк:

– Уважліва выслухалі мае аргументы. Пракурор задаваў пытанні, на якія я, як лічу, давай годныя адказы. Рашэнне суда будзе абвешчана ў 15 гадзін. Чакаем.

Таксама на працэсе прысутнічаў і экс-кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусі, сябра Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. На ягоную думку, як эксперымент, так і судовая справа з’яўляецца гучнай і рэзананснай:

– Мы ўсе ведаем, што выбары фальсіфікуюцца. Улада таксама ведае, што іх фальсіфікуе. Тут ёсць канкрэтныя доказы. І гэты эксперымент мае вялікае значэнне. Я звяртаюся да тых людзей, якія бяруць удзел у гэтых маніпуляцыях. Тэрміну даўніны няма. Ёсць прыклады ў Венгрыі ці Польшчы – і я нікога не запужваю – грамадзянская, юрыдычная і крымінальная адказнасць ёсць за тыя злоўжыванні, якія робяцца.

Актывісты патрабуюць належнай праверкі фактаў імаверных фальсіфікацый у час прэзідэнцкай кампаніі 2015 года. “Прагнозаў я не раблю. Дачакаюся выраку, які павінны агучыць а 15-й гадзіне, і тады ўжо будзем думаць, што рабіць далей,” – зазначыў Дзяніс Турчаняк.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце