Чаму суд над Сарокіным і Барысевіч зрабілі закрытым? (абноўлена)



Кіраўнік цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак пракаментаваў закрытасць судовага працэсу па гучнай справе.

19 лютага пачаўся суд над журналісткай Кацярынай Барысевіч і доктарам Арцёмам Сарокіным. Працэс закрылі.

Доктара Бальніцы хуткай дапамогі Арцёма Сарокіна і журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада. На думку Генпракуратуры, яны выдалі медыцынскую таямніцу аб стане Рамана Бандарэнкі, што пацягнула цяжкія наступствы, а менавіта «павышэнне напружанасці ў грамадстве і стварэнне атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў».

Іх справу разглядае суд Маскоўскага раёна Менска, працэс зрабілі закрытым.

Алег Волчак: Я лічу, не было важкіх падстаў для таго, каб рабіць гэты суд закрытым. Там няма ніякіх дзяржаўных сакрэтаў, няма нейкіх падрабязнасцей з асабістага жыцця Рамана Бандарэнкі, а зрабіць працэс адкрытым нават папрасіла маці Рамана.

Справа не звязана з фактамі карупцыі ці аператыўна-вышуковай працай у дачыненні да вышэйшых службовых асобаў.

РР: Чаму тады працэс закрылі?

Алег Волчак: Мяркую, каб грамадскасць не даведалася пра дэталі расследавання справы. Відаць, ёсць што хаваць. Для многіх відавочна, што ні ўрач Сарокін не парушыў ніякай тайны, ні журналістка Кацярына Барысевіч. Тым больш, што ў блізкіх Рамана Бандарэнкі няма абсалютна ніякіх прэтэнзій да тых, хто сёння знаходзіцца на лаве падсудных. Калі б яны звярнуліся ў праваахоўныя органы, то тады справа яшчэ магла ўзнікнуць, а так атрымліваецца поўны прававы казус.

Я толькі не разумею, на што спадзяюцца суддзі, калі зрабілі працэс закрытым. На тое, што ніхто ніколі не даведаецца пра тое, што было ў матэрыялах справы? Глупства! Гэта ўсё роўна стане ўсім вядома.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

10:40

У выніку працэс закрылі. Усіх выправілі з залы. Пакінулі толькі адвакатаў.

«Каб збегнуць выдавання медыцынскай таямніцы і даных папярэдняга расследавання. Матэрыялы справы ўтрымліваюць медыцынскія дакументы, якія ў тым ліку раней не публікаваліся».

10.20. Пракурор хадайнічае аб слуханні ў закрытым пасяджэнні, абарона катэгарычна не згодная: ёсць заява маці Рамана, яна настойвае на адкрытасці паседжання. Адвакат Кацярыны Барысевіч кажа: «Маці Бандарэнка з’яўляецца адзіным чалавекам, які можа даць ці не даць згоду на тое, каб суд быў адкрытым».

«Я хачу, каб грамадства ведала, за што судзяць журналіста і лекара, таму падтрымліваю хадайніцтва адваката», – кажа Кацярына Барысевіч.

Лекар Арцём Сарокін таксама за адкрыты працэс.

9.55. На паседжанне таксама з’явіліся прадстаўнікі Пасольстваў ЗША, Германіі, Францыі, а таксама Прадстаўніцтва ЕЗ у Міенску.

«Паколькі абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай зносіны з імі забаронена», – кажуць у зале суда.

Ля ўваходу ў залу застаецца каля 100 чалавек.

Судовае пасяджэнне вядзе Святлана Бандарэнка, намеснік старшыні суда Маскоўскага раёна па крымінальных справах. Кацярыну Барысевіч абараняюць адвакаты Андрэй Мачалаў і Міхаіл Боднарчук, Арцёма Сарокіна – Вольга Бацюк. Пракурор Людміла Іваненка.

9.50. У залу пачынаюць прапускаць адвакатаў і сваякоў. Затым – прадстаўнікоў СМІ, якіх акрэдытавалі на працэс. Нагадаем, журналістаў незалежных выданняў на паседжанне не акрэдытавалі. Назваў СМІ, якіх пускаюць у залу, не называюць – толькі прозвішчы супрацоўнікаў.

Прыкладна ў 9.45. Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна заводзяць у залу. Людзі, якія сабраліся, сустракаюць іх апладысментамі.

Tut.by

У Менску пачаўся суд па справе журналісткі Tut.by Кацярыны Барысевіч. Яе разам з доктарам БХМД Арцёмам Сарокіным абвінавачваюць у разгалошванні медыцынскай таямніцы ў дачыненні да загінулага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі. Кацярыну і Арцёма затрымалі тры месяцы таму. Падставай стаў апублікаваны 13 лістапада артыкул, у якім гаварылася, што ў крыві загінулага актывіста Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. Барысевіч і Сарокіну выставілі абвінавачанне ў «разгалошванне медыцынскай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы». Праваабаронцы прызналі абодвух палітзняволенымі. Разглядаюць справу суд Маскоўскага раёна ў будынку Дома правасуддзя, працэс адкрыты. Прытым журналістам найбуйнейшых недзяржаўных СМІ адмоўлена ў акрэдытацыі.

Беларускае Радыё Рацыя

***

А 10.00 у Менску пачнецца суд па справе журналісткі Tut.by Кацярыны Барысевіч.

Яе разам з доктарам БХМД Арцёмам Сарокіным абвінавачваюць у разгалошванні медыцынскай таямніцы ў дачыненні да загінулага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі. Кацярыну і Арцёма затрымалі тры месяцы таму. Падставай стаў апублікаваны 13 лістапада артыкул, у якім гаварылася, што ў крыві загінулага актывіста Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. Барысевіч і Сарокіну выставілі абвінавачанне ў «разгалошванне медыцынскай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы».

Праваабаронцы прызналі абодвух палітзняволенымі. Разглядаць справу будзе суд Маскоўскага раёна ў будынку Дома правасуддзя (вул. Сямашка, 33), працэс адкрыты. Прытым журналістам найбуйнейшых недзяржаўных СМІ адмоўлена ў акрэдытацыі. Раней незалежныя журналісты не змаглі трапіць на працэс з удзелам былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта і экс-банкіра Віктара Бабарыкі. Не ўсе з іх змаглі працаваць на працэсе над карэспандэнткамі тэлеканала „Белсат” Кацярынай Андрэевай і Дар`яй Чульцовай.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сацсеткі