Сёння — Сусветны дзень свабоды друку



Сёлета Беларусь прызнаная самай небяспечнай для журналістаў краінай Еўропы. У апошнім „Індэксе свабоды прэсы”, які штогод складае міжнародная арганізацыя „Рэпарцёры без межаў”, Беларусь апусцілася на пяць пазіцый і заняла 158-е месца са 180 — гэта горшы вынік сярод еўрапейскіх краін.

У дакладзе „Рэпарцёраў без межаў” гаворыцца, што Беларусь з`яўляецца дзяржавай, дзе „крытычна настроеныя журналісты і блогеры зведваюць пагрозы і гвалт і арышты”, дзе „фіксуюцца адключэнні інтэрнэту, важныя навінавыя сайты заблакаваныя, друкаваныя СМІ цэнзуруюцца, а доступ да інфармацыі абмежаваны”.

Зазначаецца, што журналісты незалежных СМІ „сталі мішэнню для міліцыі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года”. Як падкрэсліваецца ў справаздачы, Беларусь стала рэгіянальным чэмпіёнам па выкарыстанні рэпрэсіўных мер у дачыненні да медыя.

Беларускае Радыё Рацыя