Марш маладосці і Жаночы марш у Менску
14.15. Жаночы Марш скончыўся. Пра затрыманні на маршы не паведамляецца.
Раней Марш студэнтаў разагналі ў раёне праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова. Па дадзеных праваабаронцаў, затрымана каля 30 чалавек, у асноўным студэнтаў. Вядома пра затрыманне журналістаў: Вадзіма Заміроўскага, Дарʼю Спявак (Onliner), Усевалада Улітку (БелаПАН), карэспандэнта «РИА Новости» (яго адпусцілі пасля праверкі дакументаў).
* * *
Каля Акадэміі Навук пратэстоўцаў стала каля тысячы чалавек. Марш прайшоўся праспекам да плошчы Якуба Коласа.
Былі заўважаныя ціхары і міліцэйскія бусікі. Пратэстоўцы скандавалі „Хабараўску вітанні!”, „Далучайся!”, „Уходи”, „Свабоду палітвязням”, „Жыве Беларусь!”, „Наш презідэнт — Света!”. На цяперашні момант затрыманняў не было.
Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
* * *
13.44. Жаночы марш працягвае рух уздоўж праспекта Незалежнасці, яго ўдзельніцы дайшлі да Акадэміі навук.
Дэманстрантак вітаюць жыхары дамоў, выходзяць на гаўбцы з бел-чырвона-белымі сцягамі.
* * *
У сталіцы працягваюцца масавыя затрыманні.
* * *
13.30. Жаночы марш у Парку чалюскінцаў.
* * *
Марш студэнтаў разагналі ў раёне праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова. Дакладная колькасць затрыманых — невядомая.
* * *
Студэнты працягваюць рух калонай, яны скандуюць: „Саша, ты адлічаны!”
Стала вядома пра затрыманне фотакарэспандэнта Вадзіма Заміроўскага і журналісткі Дар’і Спевак.
Сілавікі затрымліваюць студэнтаў, вядома пра 10 затрыманых, у тым ліку дзяўчат.
13.07. Студэнцкую акцыю разагналі каля Палаца мастацтваў. Затрымалі некалькіх чалавек.
* * *
Да МДЛУ пачынаюць сцягвацца студэнты. Іх каля 500 чалавек, яны пайшлі ў бок плошчы Зьмітрака Бядулі.
Аўтазакі і ваенныя грузавікі едуць каля Дома афіцэраў.
* * *
У Менску жанчыны выйшлі на марш пратэсту.
Да Жаночага маршу далучыліся людзі ў чорным без апазнавальных знакаў і з маскамі на тварах. Жанчыны скандуюць: „Нас не трэба ахоўваць!”
Да маршу далучылася легендарная Ніна Багінская.
У Менску каля сотні жанчын ідуць па праспекце Незалежнасці.Яны скандуюць: „Жыве Беларусь!”, „Забярыце Сашу, аддайце нашу Машу”.
Жанчын падтрымліваюць сігналамі аўтамабілісты.
На плошчы Перамогі ходзяць сілавікі. Аўтазакі і тэхніка сілавікоў едуць ад Уручча ў бок цэнтра.
* * *
Сёння ў Беларусі пройдуць Марш маладосці і Жаночы марш. Незалежныя телеграм-каналы распавялі беларусам пра планы на пратэстную суботу.
Нашы патрабаванні ўсё тыя ж:
– Адстаўка Лукашэнкі і новыя выбары;
– Свабода ЎСІХ палітвязняў;
– Расследаванне па ўсіх актах гвалту над мірнымі грамадзянамі.
Маршы пачнуцца апоўдні.
Да „Народнага ўльтыматуму” засталося 9 дзён. Да пратэсту далучаюцца ўсе сацыяльныя групы: пенсіянеры, рабочыя, маці і людзі з інваліднасцю.
„Чым больш людзей і маршаў выйдзе на вуліцы гарадоў у адзін час, тым больш складана сілавікам будзе кантраляваць сітуацыю. Наша сіла – у мабільнасці”, – пішуць на тэлеграм-каналах.
Беларускае Радыё Рацыя