На працэсе Аляксея Лапы засталося апошняе слова
Заключнае паседжанне па крымінальнай справе Аляксея Лапы перанесена на 3 сакавіка на 15.30.
***
У пятніцу, 26 лютага, па абедзе планавалася апошняе слова Аляксея Лапы – абвінавачанага гарадзенскага таксіста, якога 11 жніўня летась АМАПаўцы моцна збілі і пашкодзілі яму аўтамабіль-таксі. Пасля гэтага Аляксей апынуўся ў шпіталі хуткай дапамогі. Вядома, што памочнік пракурора Гародні Георгій Смольскі патрабуе тры гады турмы агульнага рэжыму. Абвінавачаны і адвакат поўнасцю не прызнаюць склад злачынства.
Апошняе судовае пасяджэнне было ў панядзелак, тады Аляксей Лапа не паспеў выступіць з апошнім словам.
Кажа праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэта Раман Юргель, які назірае за працэсам:
– Спачатку выступіў пракурор, а пасля абаронца таксіста Аляксея Лапы, які ўшчэнт разбіў доказную базу следства і ў судзе, і абвінавачванне пракурора Гародні. Аляксей Лапа прыме ўдзел у спрэчках таксама. Сёння, у пятніцу, выступіць, а потым суддзя агучыць прысуд па гэтай гучнай крымінальнай справе, самай працяглай, якая разглядаецца ў судзе з 4 лістапада.
Крымінальную справу Аляксея Лапы разглядае суддзя Кастрычніцкага раёна Гародні Дзмітрый Кедаль. Аляксея Лапу абвінавачваюць паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса краіны (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя