Шэсце і мітынг на Дзяды-2018 (абноўлена)
У Менску прайшло традыцыйнае шэсце, прымеркаванае да Дня продкаў. Паводле незалежных назіральнікаў ControlBY, у шэсці ўзялі ўдзел каля 150 чалавек (паводле шэрагу СМІ, да 200 чалавек), прысутнічалі таксама каля 45 «людзей у цывільным» (верагодна, праваахоўнікаў). Шэсце і мітынг прайшлі без здарэнняў.
Варта каля рэстарана „Поедем поедим”, які пачаў працу каля мемарыялу ахвярам сталінізму ў Курапатах, будзе працягнута, сказаў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Ён удзельнічаў у сёлетніх Дзядах, шэсці, а потым і мітынгу ў гэтым урочышчы. „На Дзяды абавязкова іду ў Курапаты, калі я ў Менску і на свабодзе. Таму што гэта дзень памяці”, – сказаў палітык.
– Дзяды ідуць у Курапаты, а Курапаты – гэта пачатак беларускага нацыянальнага руху. Курапацкі крыж – гэта сістэма каардынатаў, таму якраз ідзем туды. Акрамя таго, у Курапатах сёлета адкрылі ганебны рэстаран, у Курапатах праводзяць дзяржаўнае “ўпарадкаванне”. І, канешне, у гэты час задача свядомых беларусаў быць там, каб не дапусціць разбурэння мемарыялу і дамагчыся закрыцця рэстарана „Поедем поедим”.
Пасля завяршэння мітынгу абаронцы Курапатаў правялі адмысловую нараду, на якой вырашылі, што варта каля рэстарана „Поедем поедим” працягнецца і будзе бестэрміновай, да перамогі, як сказаў Павел Севярынец.
Яшчэ адзін з удзельнікаў сёлетніх Дзядоў, шэсця, а потым мітынгу ў Курапатах, мемарыяле ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, – гэта паэт і бард Зміцер Захарэвіч. Ён таксама ўздельнічаў у абароне гэтага мемарыялу ў 2001-2002 гадах, пры пашырэнні кальцавой аўтадарогі, у 2017 годзе, тады ў былой ахоўнай зоне пачалося будаўніцтва офіснага цэнтра і ў 2018 годзе, калі побач з мемарыялам- пахаваннем пачаў працу рэстаранна-забаўляльны комплекс „Поедем поедим”. Па словах Змітра Захарэвіча, ён часта бывае ў Курапатах.
– Я прыходжу, каб аддаць даніну памяці. І не толькі тым, хто забіты ў Курапатах, але ўсім нашым продкам. Дзяды – гэта беларускае нацыянальнае свята, і не толькі ахвяры камуністычнага рэжыму ёсць нашымі дзядамі. Нашы дзяды – гэта ўсе крэўнікі нашы: гэта і Вітаўт Вялікі, і Канстанцін Астрожскі, і Канстанцін Каліноўскі.
“І мы ўсе павінны памятаць не толькі пра ахвяраў, але і пра герояў нашага народа”, – упэўнены Зміцер Захарэвіч.
Каля паловы на 15-ю ў Курапатах пачаўся мітынг. Адказны сакратар КХП Алесь Чахольскі зачытаў на мітынгу зварот старшыні КХП БНФ Зянона Пазьняка.
Пазьняк піша, што на Курапаты «праходзіць чарговая атака» — так ён называе пабудову (прызнаную незаконнай) і працу рэстарацыі «Поедем поедим» пад самым курапацкім лесам. Таксама наступам на Курапаты ён называе ўсталёўку ўладамі «чужароднай канструкцыі пад выглядам помніка» – дзяржаўны мемарыяльны знак, перакананы Пазьняк, разбурае вобраз народнага мемарыялу. Ён засцерагае: тэрыторыю вакол помніка могуць «перадаць на баланс нейкай ведамаснай арганізацыі, якая пачне тут гаспадарыць». Пазьняк прапанаваў склікаць народную канферэнцыю па абароне Курапатаў і падрыхтаваць звароты да UNESCO і суседніх краінаў наконт сітуацыі з мемарыялам.
Чальцы КХП падалі таксама заяву на мітынг у Лошыцы ў наступную нядзелю, 4 лістапада — штогод на Дзяды там таксама адбываецца шэсце да крыжа ў Лошыцкім парку і жалобны мітынг у Лошыцкім яры, яшчэ адным месцы пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
Калона з некалькіх соцень дэманстрантаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі рушыла ад гадзіннікавага завода каля парку Чалюскінцаў па праспекта Незалежнасці, вуліцы Каліноўскага да мемарыялу ахвяраў палітычных рэпрэсіяў часоў сталінізму ў Курапатах. Там адбудзецца мітынг.
Арганізавала мерапрыемства Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ. Па словах намесніка яе старшыні і аўтара заяўкі на шэсце і мітынг Юрася Беленькага, шэсце пачынаецца годна. „Я вельмі ўсцешаны настроем людзей. З бальшынёй я нават асабіcта павітаўся”, – кажа Юрась Беленькі:
– Гэта прыйшлі людзі, якія сапраўды маюць у сэрцы любоў да Бацькаўшчына, маюць той стрыжань, свой, беларускі, нацыянальны, якія не будуць гнуцца пад рэпрэсіямі, будуць стаяць на сваім, ушаноўваюць нявінных ахвяраў, успамінаюць нашых дзядоў, усе тыя пакаленні, якія дазволілі нам быць сёння на гэтай зямлі, жыць у незалежнай дзяржаве. І я вельмі ўсцешаны гэтым.
Юрась Беленькі нагадаў, што гэта шэсце ў Курапаты можна лічыць юбілейным. 30 кастрычніка 1988 года ў Менску адбыліся шматтысячныя Дзяды, якія ўлады паспрабавалі брутальна разагнаць. Але рэакцыя грамадства на гвалт была настолькі моцнай, што тыя Дзяды сталі пераломнымі, кансалідавалі дэмакратычнае грамадства, якое прымусіла камуністычную наменклатуру лічыцца з патрабаваннямі людзей, ісці на саступкі. Што ў выніку і прывяло да кардынальных зменаў у краіне.
Поўну гук слухайце ў далучаным файле:
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Традыцыйнае шэсце ў Курапаты — месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій — з нагоды Дзядоў арганізуе Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ. Шэсце і мітынг ва ўрочышчы дазволеныя ўладамі.
Збор удзельнікаў акцыі запланаваны з 11.30 да 12.00 ля гадзіннікавага завода „Прамень” насупраць парку Чалюскінцаў. Шэсце ў Курапаты працягнецца да 15.00, мітынг — да 17.00. Як растлумачыў БелаПАН в. а. старшыні КХП-БНФ Юрый Беленькі, такі працяглы час мітынгу вызначаны для таго, каб удзельнікі паспелі ўсталяваць крыжы, паставіць свечкі, памаліцца.
4 лістапада КХП-БНФ плануе правесці аналагічнае шэсце ў Лошыцкі яр — яшчэ адно месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Штогод беларускія каталікі адзначаюць Дзяды ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада. З моманту абвяшчэння незалежнасці Беларусі 2 лістапада афіцыйна быў непрацоўным днём, але ў 1996 годзе яго прыбралі са спіса выхадных.
Год таму больш за 1.800 чалавек падпісаліся пад зваротам да ўладаў з просьбай зрабіць выхаднымі днямі 1 і 2 лістапада, калі беларусы ўшаноўваюць памяць продкаў (у каталікоў гэта адпаведна Дзень усіх святых і Дзень памінання). У звароце адзначалася, што праваслаўныя вернікі маюць свой дзень памяці продкаў — Радаўніцу, якая афіцыйна з’яўляецца выхадным. Больш за тое, урад пераносіць працоўны дзень перад Радаўніцай, каб праваслаўным было зручна выканаць свае абавязкі па прыбіранні магіл і шанаванні продкаў. Каталікі ж такой магчымасці пазбаўленыя, што дае падставы казаць пра дыскрымінацыю гэтай дэнамінацыі.
Зварот грамадзян ухваліў кіраўнік каталіцкага касцёла ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч, аднак улады ініцыятыву не падтрымалі.
Фота: svaboda.org