Тадэвуш Кандрусевіч: Гэта добры вынік супрацы дзяржавы і касцёла



Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч назваў уключэнне Будслаўскага фэсту ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА вельмі важнай і чаканай падзеяй як для касцёла, так і для Беларусі ўвогуле.

Па яго словах, гэта вынік добрага супрацоўніцтва беларускага касцёла і дзяржавы:

– Гэта вельмі важная падзея. Мы дабіваліся яе не адзін год. Найперш хацеў бы адзначыць, што гэта вынік добрага супрацоўніцтва дзяржавы і касцёла. Бо тут і міністэрства культуры, і МЗС, і спецыяльная камісія па адносінах з ЮНЕСКА і каталіцкі касцёл разам працавалі. Ніхто з нас адзін напэўна не змог бы гэта зрабіць. Дзякуючы гэтаму касцёл больш знаны ў свеце. І нашая краіна больш знаная ў свеце. І я ўпэўнены ў тым, што дзякуючы гэтаму нашы вернікі таксама будуць ісці ў Будслаў, бо гэты фэст прызнаны такой уплывовай міжнароднай арганізацыяй, якой з’яўляецца ЮНЕСКА.

Будслаўскі фэст — штогадовая ўрачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Будславе на Меншчыне.  Будслаў вядомы як месца яўлення вернікам Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якое, па легендзе, адбылося 2 ліпеня 1588 года. Штогод на пачатку ліпеня тысячы вернікаў з усёй Беларусі і бліжняга замежжа ладзяць сюды пілігрымкі.  28 лістапада гэтага года Будслаўскі фэст уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота catholic.by