Тадэвуш Кандрусевіч сыходзіць як кіруючы біскуп, але застаецца як біскуп



Арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч, ганаровы мітрапаліт Менска-Магілёўскі, пакідае кіруючую пасаду, але застаецца выконваць свае святарскія абавязкі.

Пра гэта каталіцкі іерарх паведаміў 24 студзеня ў менскай Архікатэдры падчас сумеснай імшы з прызначаным на пасаду апостальскага адміністратара Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Казімірам Велікасельцам.

Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што 3 студзеня яму споўнілася 75 гадоў, і папа Францыск прыняў яго прашэнне звольніць ад абавязкаў кіравання дыяцэзіяй.

„Хачу падзякаваць вам, дарагія браты і сёстры, за салідарнасць са мною, калі я перажываў складаны час цягам чатырох месяцаў, калі быў у выгнанні. Я перапрашаю ўсіх вас. Можа некага скрыўдзіў. Хачу заверыць, што ўсё, што чыніў, чыніў за славу Бога для касцёла і збаўлення людзей… Я адыходжу як кіруючы біскуп, але як біскуп застаюся. Буду таксама сярод вас, буду цэлебраваць розныя набажэнствы, браць удзел у іншых мерапрыемствах», — падкрэсліў Кандрусевіч.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tut.by