Тактычная група „Беларусь”: Блазан і яго „амністыя”



Беларускія добраахвотнікі з Тактычнай групы „Беларусь” пракаментавалі на сваёй старонцы ў Facebook заяву кіраўніка грамадскай кампаніі „Гавары праўду” Андрэя Дзмітрыева:

– Блазан і яго „амністыя”.

Ёсць у Беларусі „арганізацыя” „Гавары праўду”, кіраўнік якой звярнуўся да ўладаў Беларусі з прапановай прыняць закон аб амністыі для беларусаў, якія ваююць на Данбасе як на баку Украіны, так і на баку сепаратыстаў.

Мы, байцы Тактычнай групы „Беларусь” стаім на баку ўкраінскага народу і нам не патрэбныя казкі пра амністыю, як і сама амністыя. Беларусы, якія ваююць на баку Украіны не маюць магчымасці паехаць на Радзіму.

Тыя ж, хто ваююць на баку калабарантаў з ДНР-ЛНР без праблем наведваюць Беларусь і няма з боку ўладаў нейкага пераследу гэтых злачынцаў.

19 ліпеня быў зроблены зварот Тактычнай групы „Беларусь” да ўраду i грамадскасці Украіны. Зварот быў скіраваны да прадстаўнікоў Украіны, якія будуць сустракацца з дэлегацыяй Рэспублікі Беларусь.

Пяць пунктаў звароту актуальныя надалей і трэба намагацца іх реалізаваць, а не нейкія „амністыі для ўсіх”:

1. Спынiць крымінальны пераслед беларускіх добраахвотнiкаў, якія змагаюцца на баку Украіны.

2. Даць прававую ацэнку наймiтам-грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, якiя ў шэрагах злачынных груповак ЛНР-ДНР ваююць на тэрыторыі Украіны i спыніць дзейнасць у Беларусі арганізацый, якія займаюцца вярбоўкай i падрыхтоўкай наймітаў для ЛНР-ДНР.

3. Скасаваць „чорныя спісы” на мяжы, з-за якіх народныя дэпутаты, грамадскiя дзеячы, журналісты, прадстаўнiкi творчых эліт Украіны не могуць наведаць Беларусь.

4. Даць дазвол на трасляцыю ў тэлевiзiйных сетках Беларусі ўкраiнскiх тэлеканалаў i трансляцыю ўкраiнскiх фільмаў пра Рэвалюцыю годнасцi i расейска-ўкраiнскую вайну на тэлеканалах Беларусi.

5. Спынiць правакацыі, цicк i пераслед родных беларусаў, якія аддалі сваё жыццё за Незалежнасць Украiны: Героя Украiны Міхася Жызнеўскага i байца Тактычнай групы „Беларусь” Алеся Чаркашына.

Не трэба выдумляць нейкія „амністыі”, беларусам трэба рыхтавацца да абароны Бацькаўшчыны, а блазнам з „Гавары праўду” раім перастаць захламляць грамадска-палітычную прастору і сысці ў нябыт.

Нагадаем, Андрэй Дзмітрыеў прапанаваў даць трохмесячны тэрмін для вяртання на Радзіму тым, хто ваюе ва Украіне з абодвух бакоў. „Мы павінны адкрыць дзверы для нашых хлопцаў, не важна на якім яны цяпер баку. Даць сваім шанец вярнуцца дадому, да мірнага жыцця”.

Беларускае Радыё Рацыя