Талачынскі Майдан, які не патыхае порахам



Паводле чыноўніцкіх кандуітаў, у гэтай вёсцы жыве зараз нуль чалавек. Паходжанне яе назвы не адшукаеце ані ў адной з інтэрнэт-Вікіпедыяў. Але пасля падзеяў на Украіне яна на вуснах у тутэйшых, як і аднайменнае меца ў Кіеве – Майдан.

unnamed

Па шляху сваю версію паходжання выказаў мне мясцовы актывіст Мікалай Петрушэнка.

Петрушэнка: Ёсць некалькі версій. Паводле найбольш праўдзівай з іх, наш талачынскі Майдан быў перавалачнай пляцоўкай для гандлю рабамі – ваеннапалоннымі ды жыхарамі з памежных княстваў. Вядома, што гэтыя мясціны ўваходзілі ў “тысячагадовае” Друцкае. Яго князі грашылі “цесным супрацоўніцтвам” у гэтым плане з Крымскім ханствам. Такім чынам, тут будучым нявольнікам давалі невялікі спачын для далейшага пакутлівага шляху.

…Чатыры км паўз узлесак ад чгуначнай станцыі Слаўнае і яшчэ км ад указальніка на фірмовай шашы М-41, што на Маскву з Беларусі – і пасярод зарослых палеткаў, за кладаўем – перакошаныя некалькі хацін з дзіравымі дахамі ды выбітымі шыбамі. Але вось з адной з іх насустрач выбег рыжанькі каток – хвост трубой. Услед выйшла хударлявая, нібы, высахлая гаспадыня. Уваходжу ў кантакт з адной з двух майданаўцаў, што засталіся – карэннай, 63-гадовай Шаманінай Людмілай Аляксандраўнай, уроджанай Назаравай.

DSCF9795

Шаманіна: “У мяне дзевяцёра дзяцей. Таму працавала побач – бліжэйшы дзіцячы садок ў савецкія часы быў аж у 5 км – ня дойдзеш. 9 год пасвіла кароў, пасля на ферме даяркай і “слесарам” – не ўсміхайцеся, так у нас называлі тады тых, хто ўбіралі г..о. Зрэшты, аўтобус па трасе хадзіў 4 разы на дзень на краму, а не тры разы на тыдзень, як зараз. Праўда, раз на тыдзень жа заяжджае аўталаўка, на ровары паштальёнка прывозіць райгазету “Наша Талачыншчына”. Завяла ізноў пасля мінгулагодняй чумкі двух свіней, трымаю курэй. Карову не – адна не ходзіць…

РР: А пра кіеўскі Майдан чулі?

Шаманіна: “Вой, глядзім па тэлевізару з сынам, які адзін з унукам застаўся са мной, ды плачам, як бачым дзяцей-сіротаў ад забітых бацькоў. У нас жа родныя ў Кіеўскай вобласці. Але сам ж украінцы заварылі кашу – самі і мусяць разхлябацца. Баімося, што, як чуткі ходзяць, вайна перакінецца на Маскву, у Расею, а значыць, мо дойдзе і сюды!

DSCF9803

DSCF9804

Да нас падыходзіць сусед і адзіны – “апошні з мужчынаў, што засталіся” – 73 гадовы дзядзька Тадэўш. Ён кідаецца ў найбольш памятныя для яго ўспаміны.

DSCF9811

Тадэўш: У 44-м, калі немцы адступалі – яны кватаравалі ў нас – з трасы падлецеў да вёскі іх бамбардзіроўшчык. Мы з суседам наўцёкі ды залеглі паміж магілаў на кладаўі. А, увогуле, у Майдане яны не лютавалі. Хіба адзін раз майму сябру загадалі ваду вазіць. А той адмовіўся. Дык паклалі на лаўку і сцягалі плёткай. Ён загаласіў і мы таксама. А цяпер гляджу на ўкраінскія “майданы” – там і плёткі, ім стрэлы, і бомбы. Жахлівей, чым у нас у другую сусветную – у галаве не ўкладаецца!

Што ж, за падзеямі на Украіне сочаць ды суперажывюць і з беларускага Майдана. Праўда, тут ён, здаецца, не будзе патыхаць порахам…

DSCF9809

 

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя Фота аўтара