Талака на закінутых віцебскіх могілках



Могілкі ў раёне вуліц Клінічных ужо даўно сталі месцам, якое нізавошта не пакажуць гасцям “культурнай сталіцы Беларусі”. Яшчэ 70-80 гадоў таму тут была ўскраіна гораду, і могілкі, як і найбліжэйшыя вуліцы, называліся Клінічнымі – бо непадалёк месцяцца гарадскія шпіталі. Цяпер яны сталі безыменнымі, і безыменнымі зрабіліся знявечаныя вандаламі крыжы і перакуленыя помнікі. Тут нярэдка ладзяць “застоллі” аматары таннага алкаголю, пакідаючы пасля сябе горы смецця сярод зарослых хмызамі старых магіл.

Ужо неаднаразова віцебская грамадскасць ладзіла тут “суботнікі” па ўпарадкаванню. Але, падобна, неахайны стан могілак турбуе толькі шэраговых гараджан. Мясцовыя ўлады дбаюць пра іх мала, лічыць удзельнік талакі, найстарэйшы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда:

– Да нас за пару дзён тут прыбіралі камунальшчыкі. Але і пасля іх мы вынеслі 14 мяхоў смецця! Пазначылі гэтае месца – вяроўкай ачапілі па перыметры, бо тут няма ні плота, нічога. Паставілі свечкі, памаліліся за гэтых людзей.

Супольная малітва атрымалася шматканфесійнай: за супакой душаў пахаваных тут людзей маліліся разам праваслаўныя, каталікі і грэка-каталікі, якія сабраліся на прыборку. Спадарыні Ядзвіга і Марыя прыходзяць сюды ўжо другі дзень, каб памаліцца за тых, чые магілы няма каму дагледзець:

 Мы молімся за сваіх родных і за ўсіх пакінутых, забытых. Прыходзім сюды і молімся.

 – Перад Днём Задушным мы тут крыху і прыбіраліся. У нас, каталікоў, такі звычай: 1-га лістапада – Дзень Усіх Святых, а потым восем дзён мы можам на могілкі схадзіць. Бо, калі тут такі заняпад, то хто ж памоліцца?

Талаку на закінутых могілках адмыслова зладзілі 7-га лістапада, на ўгодкі кастрычніцкага перавароту. Як сказаў Барыс Хамайда, “на знак пакаяння і прымірэння пасля шматгадовага панавання бальшавізму”.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя