Тамара Шчапёткіна атрымала чарговы пратакол
На журналістку і праваабаронцу Тамару Шчапёткіну з Бярозы, якая супрацуе з Беларускім Радыё Рацыя, заведзена новая адміністрацыйная справа.
Бярозаўскія міліцыянты зрабілі яе арганізатарам і ўдзельніцай Марша ў памяць закатаваных, які адбыўся ў Бярозе 23 жніўня. Пратакол падрыхтавалі без удзелу Шчапёткінай. Пра пратакол журналістка даведалася, калі ішла па горадзе, дзе яе дагналі міліцыянты і прапанавалі падпісаць пратакол.
Тамара Шчапёткіна палічыла такія дзеянні міліцыянтаў парушэннем працэсуальных нормаў і падпісваць адмовілася:
– Яшчэ мяне чакае 28 судовая справа па першым маршы, якога ў Бярозе не было 10 жніўня. А цяпер ужо новая справа па маршы 23 жніўня, хоць я ў гэтым маршы не ўдзельнічала і не арганізоўвала. Тым не менш супрацоўнікі міліцыі ловяць мяне на вуліцы і патрабуюць, каб я падпісала пратакол.
Паводле праваабаронцы Уладзіміра Малея, журналістку не запрасілі па павестцы для складання пратакола, не азнаёмілі з яе правамі і не далі магчымасці запрасіць адваката. Тамара Шчапёткіна мае намер незаконныя дзеянні бярозаўскай міліцыі абскардзіць у пракуратуру.
Беларускае Радыё Рацыя