Тамара Шчапёткіна атрымала павестку ў суд на 10 верасня



Журналістка-фрылансер Тамара Шчапёткіна атрымала судовую павестку з Баранавіцкага суда.

Яе выклікаюць як асобу, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Суд адбудзецца 10 верасня ў 15 гадзін 20 хвілін. Але Шчапёткінай стала вядома, што ў якасці сведкі выклікаюць старшыню Баранавіцкага Таварыства беларускай мовы Мікалая Падгайскага, які адмовіўся ад сведчання пры складанні пратакола ўчастковым, капітанам Баранавіцкага РАУС Андрэем Вахітавым. Кажа Мікалай Падгайскі:

Я ж праводзіў экскурсію, клапаціўся пра арганізацыю гэтай экскурсіі, таму не бачыў, хто і што там запісваў. Фатаграфавалі і запісвалі ўсе, хто хацеў. Але ўсё роўна яны выклікаюць мяне ў суд.

Сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі бачыць у гэтым спробу падвесці законнасць пад незаконную справу:

Магчыма, не хапае іншых сведчанняў, таму трэба, каб нехта хоць бы ўскосным чынам пацвердзіў, што Шчапёткіна там была, рабіла нейкі рэпартаж – значыць яе ёсць за што штрафаваць. І яго спытаюць, ці трымала яна мікрафон, ці размаўляла з іншымі людзьмі. А гэтага будзе дастаткова, каб даць адпаведны штраф, які запланаваны.

Паводле Тамары Шчапёткінай, усе гэтыя масавыя жнівеньскія пратаколы і суды не больш як спроба прымусіць яе замоўкнуць. Але гэта спрэс парушэнне яе правоў, гарантаваных Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таму яна па ўсіх справах звернецца за абаронай сваіх правоў у Камітэт па правах чалавека ААН, рашэнне якога не мае тэрміну даўніны.

Беларускае Радыё Рацыя