Тамара Шчапёткіна мае намер звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН
Берасцейская касацыйная інстанцыя пакінула без зменаў рашэнне суда Бярозаўскага раёна па адміністрацыйнай справе журналісткі-фрылансера Тамары Шчапёткінай з Бярозы.
У скарзе Шчапёткіна прасіла адмяніць рашэнне суда Бярозаўскага раёна ад 5 лістапада. Суд пакараў журналістку чарговым штрафам 35 базавых за працу без акрэдытацыі на Беларускае Радыё Рацыя. Суддзя Берасцейскага абласнога суда Руслана Сянько да довадаў журналісткі аднеслася перадузята і зачытала без перапынку ўжо гатовае рашэнне. Усе прысутныя на працэсе чарговы раз убачылі ігнараванне людзьмі ў судовых мантыях як унутраных, так і міжнародных законаў, кажа праваабаронца з Берасця Уладзімір Вялічкін:
– Вынікі судовых паседжанняў прадказальныя. Ніхто не сумняваўся. Яўна, што тут служаць не народу.
Людміла Дзенісенка:
– Нашая судовая сістэма даўно прагніла. Суддзі мусяць быць з чыстым сумленнем і халоднай галавой.
Аляксандар Сахарук:
– Гэта не суддзя. Суддзя павінен служыць закону і народу Беларусі, а не супрацоўнікам КДБ.
Ірына Смірнова:
– Судовыя паседжанні падобныя да драматычных спектакляў у тэатры абсурду.
Тамара Шчапёткіна, якую за кароткі перыяд часу чатыры разы прыцягвалі да судовай адказнасці за працу без акрэдытацыі і пакаралі штрафам агулам у 151 базавую велічыню, не пагадзілася з судовым рашэннем і мае намер звярнуцца са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя