Журналістку Тамару Шчапёткіну будуць судзіць (абноўлена)



Вымушанае заўчаснае вызваленне  палітвязняў з ізалятараў часовага ўтрымання,  СІЗА і турмаў не з’яўляецца апраўдальным актам і адчуваннем віны з боку міліцыі і судоў.

Гэта паказала павестка, якую атрымала журналістка Беларускага Радыё Рацыя Тамара Шчапёткіна пасля выхаду з бальніцы, куды трапіла па віне бярозаўскіх міліцыянтаў:

– Для мяне павестка была нечаканай. Я думала, што вызваленне вязняў з месцаў зняволення – гэта апошняя кропка ў гэтай справе. І мая справа далей не атрымае свайго развіцця. Але аказалася не так. Суд адбудзецца 20-га жніўня ў 11.30. Мой удзел у нейкім міфічным маршы, які прайшоў па вуліцах Бярозы 10 жніўня, будзе разбіраць суддзя Бярозаўскага суда Людміла Рудзь.

Паводле Тамары Шчапёткінай, на акцыі яе сітуацыя і сітуацыя з іншымі палітвязнямі будзе абмеркаваная з аргкамітэтам горада для далейшых рашэнняў і дзеянняў. 

* * * 

Размова з журналісткай і праваабаронцам Тамарай Шчапёткінай, якая была затрыманая міліцыяй у Бярозе.

РР: Які ў вас настрой і як вы перажылі гэтыя тры дні, пачынаючы з дня галасавання?

Тамара Шчапёткіна: Канешне, гэтыя дні для нас былі вельмі цяжкія. Бо цяжка было назіраць такую непрыхаваную фальсіфікацыю, якая ніколі раней такой страшнай не была. Я, напрыклад, была зарэгістравана незалежнай назіральніцай, мяне не пусцілі ні на адзін дзень галасавання. Асабліва на падлік. Калі я пайшла на падлік, то выклікалі нарад міліцыі. А перад гэтым я прыходзіла да ўчастка ў абед і стаяла са сваякамі, гаварыла, запісвала іх на дыктафон, каб для гісторыі засталося. Дык таксама выклікалі нарад міліцыі, нават не папярэдзіўшы мяне: што вы тут робіце? Потым людзі былі нязгодныя. У Белаазёрску выйшла 2 тысячы, то на кожным участку Ціханоўская перамагла. У нас, дзе сядзеў незалежны назіральнік, Ціханоўская перамагла. Напрыклад, у пачатковай школе ў нас ёсць участак, мне сказалі па сакрэце, што таксама Ціханоўскага перамагла. І нязгодныя людзі выйшлі на вуліцы. А што ім застаецца рабіць?

РР: У Бярозе, ці ў Белаазёрску?

Тамара Шчапёткіна: І ў Бярозе і ў Белаазёрску. За 9 і 10 схапілі 95 чалавек. Але хапалі яшчэ і пазней. Хапалі маладых людзей, якіх я бачыла ў калідоры міліцыі. Яны стаялі ўздоўж сцен, галовы ўткнуўшы ў сцены, рукі за галовы. На гэта было жудасна глядзець. Не кажучы пра тое, што жудасна было глядзець, бо мяне самую схапілі. Тры міліцыянты. Я перапісвала пацярпелых людзей, каб скласці спіс для аказання дапамогі – юрыдычнай, магчыма матэрыяльнай, ад “Вясны”. Выскачылі міліцыянты, падбеглі з такой злосцю, з такой нянавісцю. Схапілі мяне, адзін за адно плячо, другі за другое. А я трымала сумачку ў руцэ і трымала тэлефон. Вырвалі тэлефон, вырвалі сумку. “Вы задержены”. Чаму я затрымана? Прычыну скажыце. “Узнаете причину”. Прывялі ў міліцыю. Адразу мяне накіравалі ў такі пакойчык, з кратамі на вокнах. Стаіць стол, крэсла, прымацаванае да сцяны з кайданкамі. І тры камеры. Спачатку мяне трымалі за сталом. Ніхто нічога не кажа. Да мяне ніхто не ідзе. Я сяджу. Рэчы адабралі, тэлефон, каб папярэдзіць сваякоў, што затрымалі, мне не далі. Мне сказалі, што вы не ў Расейскай Федэрацыі. Потым закрылі мяне ў камеру. Камера два з паловай метра. Брудныя нары, на іх нічога няма. Прайшло 3 гадзіны, і я пачала патрабаваць: або мяне абвінавачвайце, або адпускайце. Чаго я тут сяджу? Тады яны мне прынеслі гатовую пастанову, што мяне затрымліваюць, што мяне змяшчаюць у ІЧУ да суду. А калі будзе суд невядома, таму што яшчэ за 9-е не ўсе атрымалі судовыя вырокі. Людзі атрымлівалі 30 базавых. І калі ты яшчэ раз трапіш, выйдзеш на плошчу, то на цябе завядуць крымінальную справу, такое папярэджанне. Некаторым давалі 10, а то і 15 сутак. Ясна, чаму яны мяне затрымалі. Бо я незалежны журналіст, яны бачылі, як я фатаграфавала гэтых мардаваротаў са звярыным аскалам. І, відаць, гэта іх раззлавала.

Затым яны мяне абшукалі. Прынеслі сумачку і ўсё што там было перапісалі. Забралі назад. Затым пасадзілі ў “шклянку”, у ёй, канешне, горача і мне робіцца дрэнна. І жанчына, якая мяне збіралася весці, кажа: о, вам тут кепска, а ў нас там спёка. Бо там у камерах на два месцы трымаюць 6-8 чалавек, а камеры на 8 чалавек – трымаюць 22 чалавекі. Мне стала дрэнна, узняўся ціск. І гэтая жанчына кажа: а можа вам “хуткую” выклікаць? Прыехала хуткая, змерылі мне ціск, зрабілі кардыяграму, завезлі да ўрача і тая накіравала мяне ў кардыялогію.

Размаўляў Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя