Тамара Шчапёткіна праігнаравала «запрашэнне» ў суд



Журналістка-фрылансер Тамара Шчапёткіна не збіраецца ехаць у Баранавіцкі суд, хоць атрымала грознае папярэджанне быць прымусова дастаўленай яшчэ 1 жніўня, калі не з’явіцца без паважлівай прычыны. І гэтым разам папярэджанне было дастаўлена заказным лістом за подпісам намесніка начальніка аддзела, здаецца, Пылога, напісана неразборліва, кажа Тамара Шчапёткіна:

– Я не паеду ў Баранавіцкі суд, бо паважлівай прычынай палічыла тое, што не пазначана ў папярэджанні часу пасяджэння. Я не буду сядзець у Баранавіцкім судзе з раніцы да вечара і чакаць «дзіркі» ў рабоце суддзі. Таксама не ўспрыняла сур’ёзна сфальсіфікаваны пратакол. Такі пратакол і аналагічнае папярэджанне я атрымала ўпершыню 18 жніўня, дзе мяне запрашалі ў суд, які павінен быў адбыцца 17 жніўня.

Паводле Шчапёткінай, складальнік пратакола – малады ўчастковы, лейтэнант Віталь Раманюк – павінен далёка пайсці ў сваёй кар’еры, калі смела ідзе на службовы падлог. Законапаслухмяная Шчапёткіна па пратаколах Раманюка адмовілася падпісаць пратакол, узяць яго копію і нават адмовілася ад падпісання сваіх правоў і абавязкаў. Такое стаўленне да сваіх абавязкаў у праваахоўніка – небяспечная тэндэнцыя.

Тамару Шчапёткіну абвінавачваюць нібы за працу без акрэдытацыі на Беларускае Радыё Рацыя. У жніўні яна ўжо пакарана за гэта штрафам агулам у 55 базавых велічынь.

Беларускае Радыё Рацыя